Залік здадзены?!

Гаворачы пра дзесяцібальную сістэму ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у першую чаргу хочацца ўспомніць, як амаль аднадушна віталі яе ўвядзенне (у адрозненне ад калег па іншых вучэбных прадметах) настаўнікі фізкультуры. Вядома, было і непрыняцце, і разгубленасць, але, калі размовы трохі сціхлі, стала відавочнай адна несумненная перавага дзесяцібалкі над пяцібалкай — большая дыферэнцыраванасць.

Сапраўды, калі па пяцібальнай сістэме ацэньвання розніца паміж мінімумам і максімумам у падцягванні на перакладзіне складала чатыры разы, то па дзесяцібальнай — 14. Такім чынам, дыферэнцыраваны падыход стаў менш дэкларатыўным, але, на жаль, так і не пазбавіўся фармалізму цалкам. Выйсцем магло б паслужыць адмаўленне ад адзнакавай сістэмы ацэньвання ўвогуле, але ў адзнакавай парадыгме, несумненна, больш прывабна выглядае менавіта дзесяцібальная сістэма.

На жаль, з укараненнем дзесяцібальнай сістэмы працэс ацэньвання па прадмеце не стаў прасцейшым і больш аб’ектыўным. Але было б неразумна абвінавачваць у гэтым дзесяцібалку. Паўтаруся, што ідэя дзесяцібальнай шкалы, са станоўчымі адзнакамі ад 1 да 10, калі не ідэальная, то больш прывабная. Іншая справа — за што гэтыя адзнакі выстаўляць і чым пры гэтым кіравацца. І тут пачынаюць узнікаць пытанні, фармальныя адказы на якія з боку кампетэнтных асоб прыводзяць большасць думаючых настаўнікаў фізкультуры да змешаных пачуццяў, пачынаючы ад збянтэжанасці і заканчваючы раздражненнем і незадавальненнем усёй сістэмай у цэлым. Перш чым абазначыць некаторыя праблемы — коратка аб самой сістэме ацэньвання.

Бягучы кантроль ажыццяўляецца па трох раздзелах: “Асновы фізкультурных ведаў” (тэорыя, кантроль ажыццяўляецца толькі ў вуснай форме), “Асновы відаў спорту” (ацэньваецца тэхніка выканання практыкаванняў, тыя самыя нарматывы, з якімі ў многіх і асацыіруецца фізкультура), “Дамашнія заданні” (гэта можа быць зноў жа тэорыя, а таксама ўдасканальванне тэхнікі ці развіццё пэўных фізічных якасцей). Перш чым ажыццявіць прамежкавы кантроль, гэта значыць выставіць адзнаку за чвэрць, настаўніку неабходна вывесці і запісаць у асобныя графы сярэдні бал па ўсіх трох вышэйпералічаных раздзелах (не заблытайцеся: у 9—11 класах у І і ІV чвэрцях яшчэ і за раздзел “Узровень фізічнай падрыхтаванасці”, гэта значыць за шэсць тэстаў). І толькі на падставе гэтых трох (чатырох) прамежкавых адзнак выстаўляецца адзнака за чвэрць.

На першы погляд, логіка зразумелая: даць магчымасць фізічна слабым вучням павысіць сваю адзнаку па фізкультуры. Гэта рабілася (і не ўтойвалася тымі, хто гэтую сістэму ўкараняў) у першую чаргу за кошт раздзелаў “Асновы фізкультурных ведаў” і “Дамашнія заданні”. Але ці правільна гэта?

Такім чынам, аб праблемах. Прааналізаваўшы выказванні калег, я ўзяў на сябе смеласць сфармуляваць калектыўную думку па некаторых спрэчных момантах.

Для асваення раздзела “Асновы фізкультурных ведаў” вылучаецца, як правіла, адна гадзіна ў чвэрці, а адзнака па значнасці прыраўноўваецца да асноўнага зместу вучэбнай праграмы. Гэтую адзнаку варта было б прыраўнаваць да адзнакі за тэматычны кантроль і ўлічваць яе пры атэстацыі за раздзел “Асновы відаў спорту”. Акрамя таго, да гэтага часу не выдадзена ніводнага вучэбнага дапаможніка (для настаўнікаў) па гэтым раздзеле.

Даўно ўжо страціла сваю актуальнасць забарона на правядзенне кантролю ведаў у любой іншай форме, акрамя вуснай. Больш эфектыўнай і аб’ектыўнай была б тэставая форма з дакладнай градацыяй па ўзроўнях. Але тут зноў жа ўсё ўпіраецца ў адсутнасць кантрольна-вымяральных матэрыялаў.

Ёсць думка, што фізічна развітыя вучні з ахвотай займаюцца на ўроках фізкультуры (устойлівая ўнутраная матывацыя), а слабыя — пасіўныя (адсутнасць матывацыі). На справе ж нярэдка адбываецца наадварот. У сувязі з гэтым усё часцей гучаць думкі аб неабходнасці вяртання адзнакі за стараннасць як дзейснай знешняй матывацыі.

Праблема матывацыі параджае спекуляцыю ўзроўнем свайго фізічнага развіцця з боку моцных вучняў і спекуляцыю станам свайго здароўя з боку больш слабых. Пры прамежкавай атэстацыі па раздзеле “Асновы відаў спорту” неабходна агаварыць працэнт наведаных заняткаў, пры якіх можна выстаўляць дыферэнцыраваную адзнаку. Разам з тым многія нарматывы патрабуюць перагляду.

Станоўчым момантам стала прадастаўленая навучэнцам магчымасць выбару тэставых практыкаванняў. Аднак да гэтага часу выклікае шмат пытанняў роля і месца саміх тэстаў у сістэме. Калі яны закліканы адлюстроўваць узровень фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў, то чаму не ўлічваюцца пры прамежкавым кантролі аж да 9 класа? Ці сапраўды карэлююць вынікі першай і чацвёртай чвэрцяў, а тым больш канца мінулага і пачатку новага навучальнага года? І зноў аб спекуляцыі, але цяпер ужо не толькі з боку вучняў. Дзве цытаты з інструктыўна-метадычнага пісьма. Першая: “Вучням, якія не выканалі па ўважлівай прычыне адно ці некалькі тэставых практыкаванняў, адзнака за ўзровень фізічнай падрыхтаванасці не выстаўляецца”. І другая: “Разам з выніковай адзнакай за ўзровень фізічнай падрыхтаванасці вучняў настаўнік фізічнай культуры можа выстаўляць у класны журнал у якасці бягучых адзнакі за вынікі, паказаныя ў асобных тэставых практыкаваннях”.

Нямала пытанняў выклікае і раздзел “Дамашнія заданні”. Зноў цытата з ІМП: “Дамашнія заданні па сваёй накіраванасці могуць быць трох відаў:

1) заданні, звязаныя з засваеннем тэхнікі асобных практыкаванняў ці комплексаў практыкаванняў; 2) заданні, звязаныя з развіццём адной ці некалькіх фізічных якасцей; 3) заданні, звязаныя з самастойным засваеннем тэарэтычных звестак”.

Бачыцца, што дамашняе заданне павінна насіць індывідуальны і рэкамендацыйны характар, а вынік (у залежнасці ад накіраванасці) апасродкавана адаб’ецца пры правядзенні бягучага кантролю па іншых раздзелах праграмы.

Такім чынам, на мой погляд, дзесяцібальная шкала сябе апраўдала. Залік, як кажуць, здадзены. А вось сістэма ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, мабыць, патрабуе сур’ёзнага пераасэнсавання.

Максім МІКУЛІЧ,
настаўнік фізічнай культуры Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.