Выбіраем дзесяць балаў!

Любое новаўвядзенне, натуральна, мае сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў. Ужо амаль пятнаццаць гадоў у школах рэспублікі выкарыстоўваюць дзесяцібальную сістэму ацэнкі ведаў навучэнцаў. Аднак да гэтага часу вядуцца спрэчкі пра тое, якая сістэма ацэнкі ведаў лепшая: новая ці правераная гадамі старая.

Я вырашыў спытаць аб гэтым сваіх былых і сённяшніх вучняў. На пытанне “Якой сістэме ацэнкі ведаў вы аддаяце перавагу і чаму?” атрымаў розныя адказы і меркаванні.


За 10 балаў.

Ігар, выпускнік гімназіі:
— Мы ўжо прывыклі да дзесяцібальнай, нас яна задавальняе.

Павел, навучэнец 10 класа:
— За 10 балаў! Тут можна больш дакладна ацаніць нашы веды, бо пры пяці балах няма, напрыклад, адзнакі 3,5 ці 4,5.

Вольга, закончыла гімназію з залатым медалём:
— На мой погляд, пры дзесяцібальнай сістэме вучні ведаюць больш, ёсць сталае імкненне да новых ведаў.

За 5 балаў.

Мікалай, выпускнік гімназіі:
— Для мяне лепш пяцібалка, бо “пяцёрку” атрымаць было лягчэй, чым цяпер “дзясятку”.

Вадзім, навучэнец 8 класа:
— У мяне спачатку былі вялікія праблемы з бацькамі. Калі атрымліваў “сямёрку”, то яны лічылі гэта дрэннай адзнакай. Потым быццам крыху супакоіліся, але ўсё роўна спрабавалі новую адзнаку дзяліць на два і пераводзіць у старую, пяцібальную, сістэму.

Нейтральнае.

Кацярына, выпускніца гімназіі:
— Няма розніцы. На мой погляд, галоўнае — не адзнака, а веды. Выдатнікам стала больш складана вучыцца. Але цяпер ёсць простыя заданні, і гэта аблягчае жыццё слабым вучням.

Не буду ўтойваць сваё меркаванне: я дзвюма рукамі за 10-бальную сістэму. Гэтак жа выказваюцца большасць маіх вучняў і практычна ўсе калегі. Аднак грамадская думка часта складваецца з адказаў дарослага насельніцтва, пераважная частка якога — сваякі сённяшніх школьнікаў: бацькі, бабулі, дзядулі, дзядзькі і цёткі, якія вучыліся пры старой сістэме ацэньвання. Хачу абмеркаваць шэраг думак і пытанняў, якія тычацца існуючай сістэмы ацэнкі ведаў школьнікаў.

“Мне не падабаецца 10-бальная сістэма, таму што я не разумею яе!” — прызнаецца мама аднаго з маіх вучняў. Зразумець яе можна. Усе бацькі сённяшніх школьнікаў вучыліся пры 5-бальнай сістэме. Навошта ім унікаць у сутнасць дзесяцібальнай сістэмы, калі яны цудоўна арыентуюцца ў старой?! Былыя “тройкі” і “пяцёркі” зразумелыя ўсім, а таму зручныя. Але навошта тады крытыкаваць новую сістэму ацэнкі ведаў, не разумеючы яе сутнасці?! Дылетанцкае меркаванне, таму раю азнаёміцца з асноўнымі падыходамі да ацэнкі ведаў пры 10-бальнай сістэме. Паважаныя бацькі, пры дэталёвым вывучэнні вы прызнаеце яе больш дасканалай і аб’ектыўнай. Паверце, гэта не так складана: дзеці ж даўно разабраліся ў ёй! Упэўнены, наступнае пакаленне маладых бацькоў, якія апрабавалі 10-бальную сістэму на сабе ў якасці вучняў, будзе катэгарычна супраць вяртання да старой ацэнкі ведаў.

“Падзелім на два і атрымаем адзнаку па пяцібалцы!”. Недапушчальны і абсалютна няправільны падыход, які тлумачыць многія прэтэнзіі бацькоў да быццам бы зніжэння паспяховасці сваіх дзяцей (успомніце словы Вадзіма, навучэнца 8 класа). Варта не забываць, што ў 10-бальнай сістэме тры — гэта здавальняюча, шэсць — добра, дзевяць — выдатна, дзесяць — цудоўна.

А цяпер разгледзім некалькі тыповых пытанняў, якія часта задаюць мне бацькі і знаёмыя. Вось адно з іх: “Як можна дакладна ацаніць веды дзіцяці і паставіць яму, напрыклад, “шасцёрку”. Чаму не “сямёрку” ці не “пяцёрку”?” На мой погляд, складанасці ў вызначэнні дакладнай адзнакі будуць прысутнічаць пры любой сістэме ацэньвання. Нельга сцвярджаць, што гэтая праблема не існавала і раней. Успомніце, як многія з вас, дарагія чытачы, з’яўляючыся вучнямі, знаходзіліся ў стане, напрыклад, паміж “тройкай” і “чацвёркай”. Хтосьці атрымліваў “тройку”, а хтосьці шчаслівую “чацвёрку”, хаця магло б быць і наадварот… Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб зрабіць выснову: пры 10-бальнай сістэме адносная хібнасць выстаўлення адзнакі значна ніжэйшая, чым пры 5-бальнай. Прасцей кажучы, калі настаўнік выбірае адну з дзвюх суседніх і блізкіх па сэнсе адзнак, то ацэньвае дасягненні вучня больш аб’ектыўна пры 10-бальнай сістэме (не кажучы ўжо пра сто балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні — там ступень аб’ектыўнасці яшчэ вышэйшая). Мяне ж як настаўніка раней вельмі моцна раздражняла “гумавая тройка”, якой ацэньваліся і зусім слабыя вучні (“двойку” не рэкамендавалася ставіць, бо школу трэба закончыць усім дзецям), і тыя, якія крыху не дацягнулі да “чацвёркі” (цудоўна памятаю, што за тры памылкі ў дыктанце па мове ўжо ставілі “тройку”).

Маладому пакаленню недастаткова валодаць толькі выканаўчымі функцыямі. Ва ўмовах канкурэнцыі поспеху дабіваюцца крэатыўныя, здольныя да творчасці, валявыя людзі. Сённяшняя 10-бальная сістэма ацэньвання дае школьніку права выбару.

“Чаму раней было многа выдатнікаў, а цяпер іх практычна няма?” Такую тэндэнцыю да зніжэння колькасці выдатнікаў я звязваю з прынцыповай зменай падыходу да ацэньвання. Патлумачу на прыкладзе свайго прадмета. Раней вучань атрымліваў выдатна і за стараннае прымяненне ведаў у стандартных сітуацыях, і за рашэнне задач павышанай складанасці. Выйшаў школьнік да дошкі, рашыў задачу па ўзоры, адказаў на некалькі дадатковых пытанняў правільна — вось і “пяцёрка”. Другі вучань знайшоў арыгінальны спосаб рашэння задачы ці адолеў больш цяжкае заданне — таксама выдатна. У савецкі час грамадству патрэбны былі добрыя выканаўцы — школа цудоўна спраўлялася з гэтым заказам. Сучасны свет прад’яўляе новыя патрабаванні да выпускнікоў школы. Так, маладому пакаленню недастаткова валодаць толькі выканаўчымі функцыямі. Ва ўмовах канкурэнцыі поспеху дабіваюцца крэатыўныя, здольныя да творчасці, валявыя людзі. Сённяшняя 10-бальная сістэма ацэньвання дае школьніку права выбару. Так, 1—2 балы можна атрымаць, выбраўшы, напрыклад, правільную формулу з прапанаванага спіса. Рашэнне задачы па ўзоры адпавядае 5—6 балам. А вось для атрымання 9—10 балаў неабходна прымяніць веды ў змененай сітуацыі. Становіцца зразумелым, што дасягнуць выдатнай (9) ці цудоўнай (10) адзнакі цяпер стала цяжэй. Але, па маім глыбокім перакананні, выдатнікаў і не павінна быць многа, таму што гэта адрозныя ад іншых вучні. Затое пры такім падыходзе павышаецца статус выдатніка. У процівагу гэтаму пытанню мне ўзгадваюцца 80—90-я гады мінулага стагоддзя, калі ў краіне бурна абмяркоўвалася адваротная праблема: часта так званыя выдатнікі (а іх тады было даволі шмат) на ўступных экзаменах у ВНУ атрымлівалі нездавальняюча…

Разуменне асноўных патрабаванняў, якія вызначаюць крытэрыі ацэнкі, дапамагае вучню сарыентавацца ў вывучаемай тэме, дае магчымасць скаардынаваць свае дзеянні. На любым этапе вучань можа бачыць, якую частку з неабходнага ён ужо выканаў, а што яшчэ трэба будзе асвоіць.

“Дзіця самастойна рашыла задачу каля дошкі, а настаўнік не ставіць адзнаку. Чаму?” Тут усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Скажам, вучань рашыў заданне трэцяга ўзроўню. Ці мае права настаўнік паставіць за выкананне такога задання “шасцёрку”? Думаю, толькі ў тым выпадку, калі сам вучань згодны з гэтай адзнакай, не прэтэндуе на большае. Але, на мой погляд, неабходна абавязкова даць школьніку магчымасць рашыць заданні 4—5 узроўняў і ўбачыць перспектывы павышэння сваёй адзнакі. Тут важна растлумачыць вучням крытэрыі ацэньвання па ўзроўнях засвойвання вучэбнага матэрыялу. Ідэальны варыянт — распрацаваць іх сумесна з класам і давесці да ведама бацькоў. Больш просты і эканамічны спосаб — раздаць кожнаму школьніку гатовыя крытэрыі адзнакі.

Прывяду канкрэтны прыклад: тэма “Дзяленне дзесятковых дробаў”, 6 клас. У пачатку вывучэння тэмы (3 урокі) вучні атрымліваюць крытэрыі адзнакі (па ўзроўнях засваення вучэбнага матэрыялу):

1) сваімі словамі фармулюеш правіла дзялення на дзесятковы дроб;
2) умееш замяніць дзяленне на дзесятковы дроб дзяленнем на натуральны лік;
3) самастойна рашаеш як мінімум два прыклады на дзяленне дзесятковых дробаў;
4) правільна рашаеш ураўненні пры дапамозе дзялення на дзесятковы дроб;
5) рашаеш задачу пры дапамозе дзялення на дзесятковы дроб.

Потым ідзе вывучэнне новага матэрыялу, прымяненне ведаў на практыцы, прамежкавая карэкцыя, далейшая трэніроўка асобных заданняў. Затым вучні выконваюць праверачную работу (яна разлічана на 20—25 хвілін). Трэба заўважыць, што кожнаму пункту крытэрыяў ацэнкі адпавядае нумар задання з праверачнай работы.

№ 1. Закончыце сказ: “Пры дзяленні на дзесятковы дроб неабходна…” (2 балы.)
№ 2. Замяніце дзяленнем на натуральны лік (без вылічэння):
а) 4,8 : 0,8; б) 19,497 : 4,85. (2 балы.)
№ 3. Вылічыце:
а) 0,024 : 0,3; б) 0,476 : 0,17. (2 балы.)
№ 4. Рашыце ўраўненні: а) 0,7 ∙ х = 0,945;
б) 0,1314 : у = 1,8. (2 балы.)
№ 5. Турыст першую частку шляху даўжынёй 35,1 км праехаў на веласіпедзе з хуткасцю 13 км/г, а другую частку даўжынёй 14,95 км прайшоў пехатой з хуткасцю 4,6 км/г. Які час затраціў турыст на ўвесь шлях? (2 балы.)
Кожнае заданне суправаджаецца колькасцю балаў, якую можна набраць пры яго правільным рашэнні. Такім чынам, вучням зразумела, як будзе выстаўлена адзнака.

Галоўная перавага 10-бальнай сістэмы, на мой погляд, у тым, што яна, з аднаго боку, вучыць школьніка выбіраць заданні, якія адпавядаюць яго здольнасцям і падрыхтаванасці на кожным этапе развіцця, а з другога — паказвае перспектыву далейшага росту.

Разуменне асноўных патрабаванняў, якія вызначаюць крытэрыі ацэнкі, дапамагае вучню сарыентавацца ў вывучаемай тэме, дае магчымасць скаардынаваць свае дзеянні. На любым этапе вучань можа бачыць, якую частку з неабходнага ён ужо выканаў, а што яшчэ трэба будзе асвоіць.

Важная перавага — гэта магчымасць самаацэнкі кожным школьнікам сваёй работы на ўроку шляхам параўнання рэальна выкананага з заяўленымі крытэрыямі і бачанне перспектыў свайго далейшага развіцця. Таксама крытэрыі дазваляюць настаўніку аргументаваць сваю ацэнку дзеянняў навучэнца і спрашчаюць працэс выстаўлення адзнак. Калі крытэрыі ацэнкі вядомы і педагогу, і школьніку, то не ўзнікае спрэчных пытанняў па прычыне “Чаму мне “шэсць”, а не “дзевяць”?”. А ў выпадку давядзення крытэрыяў ацэнкі да бацькоў і ў іх узнікае менш пытанняў па ўзроўні ведаў сваіх дзяцей.

“Навошта патрабаваць ад дзяцей такі высокі ўзровень ведаў па кожным прадмеце?” Яшчэ адна вялікая памылка. Ніхто з настаўнікаў не патрабуе ад кожнага вучня дасягнення творчага ўзроўню па ўсіх прадметах. Аднак бацькі, на жаль, часта хочуць бачыць сваё дзіця выключна выдатнікам. Але, пагадзіцеся, далёка не кожны чалавек можа, скажам, скокнуць два метры ў вышыню, нават калі ён будзе трэніравацца ў вялікага трэнера. У кожнага ёсць свая мяжа чалавечых магчымасцей, таму не трэба панікаваць, паважаныя бацькі, калі ваша дзіця не дасягае адзнакі “дзесяць” па якім-небудзь прадмеце.

Галоўная перавага 10-бальнай сістэмы, на мой погляд, у тым, што яна, з аднаго боку, вучыць школьніка выбіраць заданні, якія адпавядаюць яго здольнасцям і падрыхтаванасці на кожным этапе развіцця, а з другога — паказвае перспектыву далейшага росту. Да старшых класаў, дзякуючы такому падыходу, вучань вызначае прыярытэтныя для сябе прадметы, па якіх планамерна рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання. Такім чынам, школа сёння знаёміць падрастаючае пакаленне з культурай выбару, выбару, які ўяўляе сабой не разавы акт і нават не паслядоўнасць актаў, а сутнасць жыцця сучаснага ўдзельніка сацыяльных адносін.

Дзмітрый МАЦКЕВІЧ,
настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Віцебскай вобласці, настаўнік-метадыст.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.