Усё залежыць ад прафесіяналізму настаўніка

Калі разглядаць дзесяцібалку з пазіцыі, ці рэальна на ўроку фізікі атрымаць “10”, то можна адказаць: так, рэальна. Тэматычны кантроль ажыццяўляецца ў пісьмовай форме. Кантрольна-вымяральныя матэрыялы, рэкамендаваныя НІА, прапаноўваюць для тэматычнага кантролю заданні пяці ўзроўняў складанасці і шкалу пераводу сумарнай колькасці балаў, атрыманых навучэнцам за выкананне самастойнай ці кантрольнай работы, у адзнаку.

На ўроку веды і ўменні навучэнцаў могуць правярацца ў вуснай, пісьмовай і практычнай формах ці ў іх спалучэнні. У нормах ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў гэтыя паказчыкі ёсць. Яны лёгка ранжыруюцца для пяці ўзроўняў. Напрыклад, пры ацэньванні вуснага адказу навучэнца можна прапанаваць наступныя заданні. Першы ўзровень: “Выберыце правільны адказ. Як называецца пераход рэчыва з вадкага ў газападобны стан: а) плаўленне; б) параўтварэнне; в) кандэнсацыя”. Другі ўзровень: пераказ па памяці вучэбнага матэрыялу без тлумачэння — фактычна, пераказ значнай часткі матэрыялу параграфа. Трэці ўзровень — свядомы пераказ усяго матэрыялу з тлумачэннем — расказаў усё, растлумачыў прычынна-выніковыя сувязі. Чацвёрты ўзровень — валоданне і аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам у знаёмай сітуацыі, гэта значыць неабходна расказаць, растлумачыць і прывесці прыклады, рашыць якасную задачу (“Ці можна давесці ваду да кіпення, не падводзячы да яе цеплыні?”). Пяты ўзровень — аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам, прымяненне ведаў і ўменняў у незнаёмай сітуацыі. Тут можна прапанаваць навучэнцам творчае, эксперыментальнае заданне, заданне на складанне логіка-сэнсавай мадэлі, інтэлект-карты, схемы і г.д.

Другое пытанне, ці ёсць дакладнае адрозненне паміж адзнакамі аднаго ўзроўню і ці ўсе 10 балаў строга ранжыруюцца. У межах аднаго ўзроўню могуць узнікаць неадназначныя трактоўкі. У якасці прыкладу працягнем разгляд паказчыкаў вуснага адказу на тры і чатыры балы. “3” — пераказ часткі праграмнага вучэбнага матэрыялу па памяці (пераказ доследных фактаў, пералічэнне фізічных паняццяў, правіл, законаў, прынцыпаў). “4” — пераказ большай часткі праграмнага вучэбнага матэрыялу па памяці (апісанне ў вуснай ці пісьмовай форме фізічных з’яў, пераказ азначэнняў фізічных паняццяў, формул, фармулёвак правіл, законаў, прынцыпаў, указанне пры параўнанні фізічных з’яў агульных і характэрных знешніх прыкмет без іх тлумачэння). Дзе мяжа часткі і значнай часткі матэрыялу? Аналагічная сітуацыя ўзнікае і пры ацэнцы практычных заданняў — дакладна па ўзроўнях і неадназначна ўнутры аднаго ўзроўню.

Як мы бачым, адзнака ў межах аднаго ўзроўню становіцца паўнамоцтвам настаўніка. Але каб працэс ацэньвання стаў празрыстым для вучня і бацькоў, ёсць адзін эфектыўны інструмент — гэта крытэрыі ацэнкі любога віду вучэбнай дзейнасці. Крытэрыі могуць фармулявацца сумесна з навучэнцамі і абавязкова павінны быць вядомы ім да пачатку кантролю. Некаторыя настаўнікі аддаюць перавагу рэйтынгавай сістэме ацэнкі ведаў ці назапашвання, абазначыўшы пры гэтым, у якім выпадку і як сістэма працуе. Адным словам, ад прафесіяналізму настаўніка залежыць эфектыўнасць кантрольна-ацэначнай дзейнасці.

Алена АНАНЧЫКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці, настаўнік-метадыст