З прыходам дзесяцібальнай сістэмы ў мяне як настаўніка з’явілася больш магчымасцей дакладней і больш аб’ектыўна ацэньваць адказы навучэнцаў. У пяцібальнай сістэме завысіць адзнаку за адказ ці пісьмовую работу — часты “грэх” многіх настаўнікаў, і я не выключэнне. Калі раней нельга было паставіць “3+” ці “4-” у журнал і мы завышалі адзнакі да 4, цяпер ставім 6 і 7.
У Нормах ацэнкі ўсё зразумела распісана. Іншая справа — канкрэтыка для пэўных прадметаў. Зрэшты, за больш як 10 гадоў усё даўно разабрана і раскладзена па палічках у адпаведных артыкулах і брашурах. Асабіста мне адзін раз патрабавалася зразумець сістэму дзесяцібалкі, яшчэ пару месяцаў пайшло на апрабацыю і прымяненне ў школе, потым карэкціроўка — што правільна, а што не так, і ўсё — яна ўжо ў пастаяннай практыцы. Ставіць вышэйшую адзнаку на падставе “гэта добры вучань”, “яму ж у мед паступаць” ці “ён жа фізмат — навошта яму гэтая хімія” ўжо не даводзіцца. Калі хто з дзяцей сумняваецца, ці тую адзнаку ён атрымаў, крытэрыі з норм дапамогуць настаўніку растлумачыць вучню ўзровень выкананай работы. Прапануйце яму прачытаць патрабаванне, а потым самому ацаніць свой адказ.
Праціўнікі дзесяцібалкі сцвярджаюць, што стала няпроста атрымаць 9 ці 10. І вельмі добра, што цяжка зарабіць высокія балы. Асабліва гэта тычыцца выпускнікоў-медалістаў. Уладальнікі залатых і сярэбраных медалёў іншы раз паказваюць невысокія вынікі на ЦТ. А ідэя ж першапачаткова была добрая. Было б цудоўна вярнуць “кошт” залатым школьным медалям…
Пры дзесяцібальнай сістэме мне прасцей складаць заданні розных відаў кантролю: у пяцібалцы часта на практыцы аднолькава ацэньваліся заданні як свабоднага валодання тэмай, так і свабоднага аперыравання міжпрадметнымі сувязямі. Напрыклад, вучань абсалютна правільна апісаў сутнасць нейкага хімічнага працэсу, а на пытанне, чаму гэта так працуе, не адказаў, а другі зрабіў тое ж, толькі адначасова растлумачыў усё з пазіцыі фізічных законаў. А гэта ўжо іншае, гэта розныя адказы. Адпаведна, 9 і 10. На іншых узроўнях такая ж карціна.
Ёсць яшчэ шмат чаго з плюсоў. З мінусаў: пэўная працаёмкасць для настаўніка, звязаная менавіта з разлікамі ацэнкі.
Паспрабую растлумачыць, як працуе дзесяцібалка на прыкладзе хіміі (для вусных адказаў і пісьмовых работ). Такім чынам, я стаўлю:
1 бал — калі вучань адмаўляецца адказваць увогуле або калі ў праверачнай/кантрольнай, акрамя даты і тэмы, нічога няма.
2 балы — адрознівае вывучаныя аб’екты. Напрыклад, з прапанаванага спіса формул можа выбраць асобна формулы кіслот і асноў, з прапанаваных схем рэакцый і ўраўненняў — ураўненні, можа закончыць няпоўнае азначэнне. Калі вучню для работы на кантрольнай/самастойнай/праверачнай патрабуецца працаваць з падручнікам ці канспектам, а настаўнік у пошуку адказаў яшчэ і дапамагае яму, то вучань атрымлівае 2 балы.
3 балы — вучань механічна (не заўсёды разумеючы) завучыў невялікую частку матэрыялу параграфа і часткова пераказвае яе: называе асобныя часткі азначэнняў, хімічных працэсаў, можа звязаць 2—3 сказы па змесце тэмы. Адказ можа быць з памылкамі, пераказ разрозненым і непаслядоўным. Вучань можа закончыць сказ, пачаты настаўнікам ці пры дапамозе настаўніка. Ведае формулы рэчываў, але не можа скласці схему рэакцыі (не ўраўненне).
4 балы — можа пераказаць па памяці вывучаную частку вучэбнага матэрыялу, робіць гэта практычна самастойна, без ці з мінімальнымі падказкамі настаўніка. Пры гэтым на ўдакладняльныя пытанні не можа адказаць, таму што проста завучыў тэкст параграфа.
Ведае формулы рэчываў, мінімум іх уласцівасцей (напрыклад, кіслоты і шчолачы мяняюць афарбоўку індыкатара), можа скласці схему рэакцыі, але дапускае памылкі ў складанні формул прадуктаў рэакцыі. Калі вучню для работы на кантрольнай/самастойнай/праверачнай патрабуецца іншы раз карыстацца падручнікам і матэрыял ён знаходзіць самастойна, то атрымлівае 3 ці 4 балы.
5 балаў — можа ўпэўнена расказаць значны аб’ём матэрыялу параграфа, можа ахарактарызаваць вывучанае рэчыва, з’яву, працэс па прапанаваным плане. Пры гэтым дапушчальныя неістотныя памылкі, якія выпраўляе самастойна па ўказанні настаўніка. Напрыклад, можа скласці ўраўненне рэакцыі, але з памылкамі ў індэксах ці ў каэфіцыентах. Дапускае неістотныя памылкі ў наменклатуры рэчываў (напрыклад, аксід жалеза — без валентнасці).
6 балаў — правільна пераказвае вывучаны матэрыял у аб’ёме ўсяго параграфа, можа напісаць нескладанае ўраўненне рэакцыі, правільна выкарыстоўвае наменклатуру рэчываў. Можа рашаць тыповыя простыя задачы ў 1—2 дзеянні, задачы на падстаноўку значэнняў у разліковую формулу, характарызаваць рэчывы па загадзя вывучаным плане.
Вучань не павінен карыстацца падручнікам пры адказе ці падрыхтоўцы да яго, але ён можа выконваць заданні са зборніка задач па ўзоры з падручніка — тады ён атрымае 5 ці 6 балаў.
7 балаў — валодае вучэбным матэрыялам і прымяняе яго ў знаёмай сітуацыі. Напрыклад, умее канкрэтызаваць і тлумачыць вывучаныя паняцці і высновы прыкладамі, аналізаваць хімічныя працэсы, з неістотнымі памылкамі складаць ураўненні рэакцый любой складанасці ў рамках вывучанага параграфа. Павінен умець тлумачыць высновы, якія змяшчаюцца ў падручніку ў канцы параграфа, пры гэтым можа дапускаць неістотныя памылкі, даваць няпоўны адказ. Можа рашаць тыповыя разліковыя задачы ў 2—3 дзеянні, пры гэтым не карыстаючыся ўзорамі рашэння.
8 балаў — аналагічна таму, што на 7 балаў, але без памылак і поўна. Вучань можа абагульніць вывучаны матэрыял, зрабіць выснову. Выкарыстоўвае для адказу раней вывучаны матэрыял па прадмеце. Самастойна рашае тыповыя задачы ў 3—4 дзеянні, дае правільны адказ з поўным абгрунтаваннем кожнага кроку.
Калі вучань самастойна выконвае заданні па засвоеным алгарытме (напрыклад, можа ажыццявіць ланцужок пераўтварэнняў у 4—5 рэакцый), ён атрымлівае 7 ці 8 балаў.
9 балаў — прымяняе засвоеныя веды і ўменні ў новай, нетыповай сітуацыі. Напрыклад, дае ацэнку хімічным фактам і працэсам, выкарыстоўваючы веды, у тым ліку па іншых вучэбных прадметах. Канкрэтыка ў сувязі тлумачэння з іншым прадметам не такая важная, важным з’яўляецца разуменне сувязі, напрыклад, змена хуткасці хімічнай рэакцыі пры змене тэмпературы (магчымы адказ: “З павышэннем тэмпературы хуткасць руху часціц павялічваецца”). Здольны з неістотнымі недакладнасцямі выканаць заданні праблемнага і пераўтваральнага характару.
Можа рашаць нетыповыя ці камбінаваныя задачы, прымяняючы вядомыя яму алгарытмы рашэнняў у незнаёмай сітуацыі. Пры мінімальным удзеле настаўніка можа самастойна пабудаваць алгарытм рашэння камбінаванай ці ўскладненай задачы. Прычым калі ў задачы пэўнага характару ход рашэння правільны, але дапушчана матэматычная памылка і па прычыне гэтага адказ няправільны, то ацэнка зніжаецца толькі на 2 балы (вельмі спрэчна, але гэта працуе — на наступных уроках у аналагічных задачах разлікі, як правіла, правільныя).
10 балаў — самастойна выконвае практычна любыя заданні, уключаючы творчыя заданні праблемнага і пераўтваральнага характару, якія прадугледжваюць самастойны пошук і рэалізацыю спосабу выканання задання, пошук і работу з некалькімі крыніцамі. Свабодна аперыруе вывучаным матэрыялам. Упэўнена фармулюе і аргументуе свой пункт гледжання. Звязвае тлумачэнне тэмы хіміі з іншым прадметам, важнай з’яўляецца прысутнасць канкрэтыкі, напрыклад, змены хуткасці хімічнай рэакцыі пры змене тэмпературы (магчымы адказ: “З павышэннем тэмпературы ў сістэме павялічваецца кінетычная энергія часціц”).
Упэўнена выконвае са зборнікаў заданні ЦТ і РТ розных гадоў, у цяжкіх заданнях дапушчальны некаторыя памылкі. Валодае прыёмамі матэматычных разлікаў (алгебраічныя спосабы рашэння задач), знаходзіць рацыянальныя спосабы рашэння, рашае алімпіядныя задачы і большасць задач ЦТ і РТ.
Сяргей АБЯРГАН,
настаўнік хіміі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці,
настаўнік-метадыст