“Двойка” за “дзясяткі”?

Аднойчы пачула, як адна мама скардзілася: “Ды што гэта за настаўнікі такія, што лягчэй летам снегу дапрасіцца, чым у іх “дзясятку” атрымаць. Шкада ім, ці што?..” Вось пра гэтую настаўніцкую “прагнасць” на адзнакі, а заадно пра дабрыню і яе наступствы хацелася б пагаварыць.

За многа гадоў работы ў пачатковай школе я так і не зразумела, як могуць узнікаць сітуацыі завышэння або заніжэння адзнак, як можна “пайсці насустрач” старшыні бацькоўскага камітэта або некага “заваліць”. Ёсць нормы ацэнь­вання. І калі за дзве памылкі ў дыктоўцы трэба ставіць, напрыклад, “сем”, то іншых варыянтаў быць не можа ў прынцыпе. Як толькі ў трэцім класе з’яўляліся адзнакі, то ў кожнага вучня на вокладцы сшытка з’яўлялася таблічка з нормамі ацэньвання пісьмовых работ па гэтым прадмеце. І ніколі ніякіх спрэчак ні з дзецьмі, ні з бацькамі не ўзнікала. Дакладныя, канкрэтныя і, самае галоўнае, адназначныя крытэрыі дазвалялі не толькі лёгка і хутка ацэньваць работы настаўніку, але нават вучню і бацькам правяраць “справядлівасць” выстаўлення той ці іншай адзнакі.

Аднак разумею, што пісьмовыя работы ацэньваць прасцей, а цяжкасці часта ўзнікаюць пры ацэнцы вусных адказаў.

Калі ў пачатковай школе вусныя прадметы — гэта толькі “Чалавек і свет” і літаратура, то ў старшай дабаўляецца гісторыя і геаграфія, біялогія і грамадазнаўства, ды і фізіка з хіміяй — гэта не толькі задачы, але і тэорыя…

Здавалася б, у чым праблемы: ведае вучань вучэбны матэрыял, змог пераказаць параграф і адказаць на дадатковыя пытанні — выдатна! Мы самі ў свой час так і вучыліся. І вось тут не толькі бацькі, далёкія ад школы, але і нярэдка настаўнікі, трымаючыся традыцыі, не да канца разумеюць сутнасць сучаснай дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання. Дакладней, разумеюць яе даволі спрошчана, чыста фармальна: былі “пяцёркі” — сталі “дзясяткі”, і ўсё!

Але ў тым і справа, што не ўсё! Учора размова ішла толькі пра адпаведнасць узору, а сёння гаворыцца пра тое, што адзнакі павінны адлюстроўваць узровень вучэбных дасягненняў. І калі ўважліва вывучыць патрабаванні, то акажацца, што толькі тры ўзроўні з пяці ўключаюць у сябе перадачу вучэбнага матэрыялу. Адпаведна, добрасумленны пераказ, няхай нават на памяць або супервыразна, не можа ацэньвацца вышэй, чым на шэсць балаў! Шэсць, а не дзесяць! Таму і здзіў­ляюцца дзеці, абураюцца бацькі: “За што?! Ён жа ўсё ведае!” Вось так і з’яўляюцца страшылкі пра шкодных настаўнікаў, якім шкада паставіць вышэйшую адзнаку.

Каб атрымаць высокі бал, адной добрай памяці недастаткова. Адкрыем патрабаванні:

чацвёрты ўзровень — дзеянні па прымяненні ведаў (уменняў) у знаёмай сітуацыі па ўзоры, выкананне дзеянняў з дакладна вызначанымі правіламі, прымяненне ведаў на аснове абагульненага алгарытму для вырашэння новай вучэбнай задачы;

пяты ўзровень — прымяненне ведаў (уменняў) у незнаёмай сітуацыі для вырашэння новага кола задач, творчы перанос ведаў (самастойнае выкарыстанне раней засвоеных ведаў у новай сітуацыі, для вырашэння праблемы; бачанне праблемы, спосабаў яе вырашэння і г.д.).

Падкрэслю: гаворка ідзе не пра ўзровень складанасці задання, а пра ўзровень разумовых дзеянняў навучэнцаў, якія могуць быць рэпрадуктыўнымі і прадуктыўнымі. Гэта зна­чыць, што паміж першымі і апошнімі ўзроўнямі розніца не колькасная, а якасная.

Вось і атрымліваецца, што такі прагрэсіўны інструмент, як дзесяцібальная шкала ацэнкі вучэбных дасягненняў, выкарыстоўваецца малаэфектыўна. Так, яна сапраўды дазваляе дыферэнцыраваць навучэнцаў па ўзроўні разумення вучэбнага матэрыялу, але ж і на самай справе не ўсе могуць зразумець прычынна-выніковыя сувязі, ажыццявіць перанос на незнаёмы змест, зрабіць высновы або творча перапрацаваць веды. Аднак жа не перажывае швачка, што не з’яўляецца мадэльерам. Інжынер-канструктар і будаўнік — гэта цалкам розныя прафесіі, ды і настаўнікі не лічаць неабходным станавіцца кандыдатамі навук. Чаму ж нашы дзеці павінны быць не толькі практыкамі, але і тэарэтыкамі, прычым масава?

Хаця, можа, прычына не ў тым, што настаўнікі за 15 гадоў так і не навучыліся выстаўляць адзнакі згодна з нарматывамі. Упэўнена, што многія педагогі выдатна разумеюць і крытэрыі ацэньвання, і нажніцы, якія ўзнікаюць паміж афіцыйнымі патрабаваннямі і рэальным узроўнем ведаў навучэнцаў, але лічаць за лепшае іх не заўважаць. Хутчэй за ўсё, справа ў праславутым рэйтынгу, калі работу спачатку настаўнікаў, а потым і школ параўноўваюць па сярэднім бале, пры гэтым ніякай незалежнай экспертызы правільнасці выстаўлення адзнак не право­дзіцца. Таму і ўзнікаюць сітуацыі, калі прынцыповы настаўнік, які заслужана выстаўляе адзнакі, з’яўляецца не толькі злым у вачах вучняў, але недастаткова кваліфікаваным у вачах завуча. І тады педагог супакойвае сябе думкай пра тое, што “адзнакі не пахнуць”, што нічога не зменіш, што не толькі ён адзін так робіць, што нічога дрэннага не адбываецца, бо ён ацэнку павышае, прычым на карысць вучня (дзіця ж не вінаватае, што ўзровень пераказу — гэта яго паталок, што вышэй галавы не скокнеш, але ён жа так стараўся!).

А яшчэ бывае і так, што “дзясятка” ставіцца ў якасці ўзнагароды за адкрыты ўрок або за ўдзел у пазакласным мера­прыемстве (або нават у якасці падарунка на свята!). Не гаворачы ўжо пра тое, што яны ледзь не ўзаконены, калі гаворка ідзе пра так званую гордасць школы (выдатнікаў і спартсменаў), якім ніводны настаўнік-прадметнік ніжэй “дзявяткі” чамусьці ставіць не павінен.

Падвядзём вынікі. Можа быць, нічога страшнага і не адбываецца, бо ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу добра і нават выдатна?

Радуюцца дзеці, бо за высокую адзнаку дома пахваляць, а можа, нават узнагародзяць…

Задаволены бацькі, бо школьнымі поспехамі сына або дачкі можна пры выпадку пахваліцца…

Спакойны настаўнік, бо лаюць толькі тых, хто паказвае нізкія вынікі, а ў яго паказчыкі — о-го-го!

Задаволена адміністрацыя, бо школа аказваецца пераможцай раённых (гарадскіх, абласных) спаборніцтваў!

Але ж такога не бывае, каб усім было добра, нехта павінен цярпець страту. І асабіста мне гэтая сітуацыя з нашымі “дзясяткамі” вельмі нагадвае з’яву, характэрную для савецкага мінулага. Успамінаюцца так званыя несуны, якія пры­хоплівалі з завода хто што мог: хто — гайкі, хто — каструлі, хто — шакаладкі, хто — шкарпэткі… Мала таго, што такія выпадкі былі даволі масавымі (прыйшлося нават арганізаваць аддзел па барацьбе з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці), самі людзі сябе ніякімі злодзеямі не адчувалі. Таму што, як лічылася, шкода была не канкрэтнаму чалавеку, а абстрактнай вытворчасці.

Уяўляецца, што аналагічнае становішча сёння і ў сістэме адукацыі. Упэўнена, што сацыяльнае ўтрыманства пачынаецца з незаслужанай “дзясяткі” ў пачатковай школе, а не тады, калі прыходзіцца плаціць падаткі. У пройгрышы на самай справе застаёмся ўсе мы як грамадства. І пра якую прававую дзяржаву можна гаварыць, калі ўжо школьнікі штодзень назіраюць, мякка кажучы, несур’ёзныя адносіны да закона, няхай нават гэты закон усяго толькі сістэма ацэньвання.

А далей у кожнага з нас ёсць выбар. Так, няпросты. Так, змяніць сітуацыю, асабліва ў адзіночку, даволі складана. Так, цябе не адразу зразумеюць і пахваляць. Але ж усё роўна прыйдзецца гэта зрабіць. І менавіта нам, настаўнікам (калі, канечне, мы сапраўды хочам, каб жыць стала лепш). Або зноў будзем успамінаць крылатыя радкі Някрасава і Герцэна? А можа, трэба Чарнышэўскага?

***

Асаблівасці правядзення і крытэрыі ацэньвання праверачнай работы ў 1 класе

Гэтая работа складзена па тэмах “Вясеннія змяненні ў нежывой прыродзе, жыцці раслін, жывёл і чалавека”, “Летнія змяненні ў нежывой прыродзе, жыцці раслін, жывёл і чалавека”, “Чалавек і грамадства”. Да ўменняў, якія правяраюцца, адносяцца як праграмныя патрабаванні, так і метапрадметныя ўменні.


Рэкамендуецца, каб настаўнік па чарзе чытаў умову кожнага задання. Пераход да наступнага праводзіцца пасля вызначэння выканання бягучага задання ўсімі навучэнцамі класа, пры гэтым ніякіх дадатковых тлумачэнняў і навадных пытанняў, акрамя апісаных у рэкамендацыях, навучэнцам не даецца. Працягласць работы — адзін урок або па 15—20 хвілін на двух уроках; работа прадстаўлена ў двух варыянтах. Пасля праверкі работы пажадана пазнаёміць навучэнцаў з крытэрыямі ацэнкі правільнасці выканання задання.

У першым заданні навучэнцам трэба суаднесці назвы насякомых з адпаведнымі выявамі. Перад выкананнем задання настаўнік можа звярнуць увагу, што малюнкаў больш, чым назваў.

Заданне лічыцца выкананым правільна, калі знойдзены наступныя пары:

Пасля праверкі выканання задання настаўнік можа прапанаваць навучэнцам назваць насякомых, якія засталіся.

У другім заданні навучэнцам трэба выбраць сказы, у якіх гаворыцца пра вясеннія змяненні ў прыродзе.

Заданне лічыцца выкананым правільна, калі выбраны наступныя сказы:

Распускаюцца пупышкі на дрэвах.

Крыгаход.

Прылятаюць птушкі.

Дадаткова пасля праверкі выканання задання можна прапанаваць навучэнцам назваць, якім порам года адпавядаюць апісанні прыродных з’яў, якія засталіся.

У трэцім заданні навучэнцам трэба выбраць аб’екты, за якімі трэба назіраць, каб апісаць надвор’е. Перад выкананнем задання варта ўпэўніцца, што ўсім навучэнцам вядома, для чаго патрэбны флюгер.

Заданне лічыцца выкананым правільна, калі выбраны сонца, флюгер, дзьмухавец.

У чацвёртым заданні навучэнцам трэба вызначыць расліну, якая з’яўляецца лішняй па зададзенай прымеце. Перад выкананнем задання можна прапанаваць навучэнцам наз­ваць усе паказаныя расліны.

Заданне лічыцца выкананым правільна, калі дадзены наступныя адказы:

а) 1 (суніцы); б) 2 (мудранка); в) 1 (чырвоныя парэчкі).

У пятым заданні навучэнцам трэба прааналізаваць кола зносін, складзенае па апісанні, і знайсці дапушчаныя памылкі. Перад выкананнем задання настаўнік можа на дошцы намаляваць і пракаменціраваць, як складаецца кола зносін.

Заданне лічыцца выкананым правільна, калі закрэслены наступныя імёны: Мікіта, Рома, Галя (першы варыянт).

ПРАВЕРАЧНАЯ РАБОТА ЗА ДРУГОЕ ПАЎГОДДЗЕ


вучня (вучаніцы) 1 “___” класа __________________________________

Першы варыянт

1. Прачытай назвы насякомых. Знайдзі адпаведныя малюнкі і злучы іх з назвамі.

Божая кароўка Страказа Конік Пчала


2. Паслухай апісанне прыродных з’яў. Пастаў знак “ü” у квадрацік каля тых сказаў, у якіх гаворыцца пра змяненні ў прыродзе вясной.

_ Распускаюцца пупышкі на дрэвах.
_ Спее вінаград.
_ Крыгаход.
_ Прылятяюць птушкі.
_ Мурашы ўцяпляюць мурашнік.

3. Разгледзь малюнкі. Абвядзі тыя аб’екты, за якімі трэба назіраць, каб апісаць надвор’е.

4. Разгледзь выявы раслін. У кожным радзе ёсць лішняя расліна па некай прымеце. Знайдзі гэтую расліну і запішы яе нумар у пустую клетачку.

а)
Лішняе — _ , таму што плады гэтай расліны іншага колеру.

б)
Лішняе — _ , таму што гэтая расліна атрутная.

в)

Лішняе — _ , таму што гэтая расліна расце ў садзе.

5. Лішняе — o, таму што гэтая расліна расце ў садзе.Дзеці прачыталі апавяданне пра сям’ю Ягора і склалі кругі яго зносін. У малы круг яны запісалі імёны членаў яго сям’і, у сярэдні — імя сяброў хлопчыка, у вялікі — імёны яго знаёмых. Але дзеці паспяшаліся і не ўсе імёны размеркавалі правільна. Знайдзі памылкі і закрэслі іх.У суботу Ягор з татам Ромам і мамай Любай паехалі на экскурсію. У аўтобусе хлопчык пазнаёміўся з Мішам і Галяй. У музеі Ягор купіў для свайго сябра Мікіты сувенір.


Міша

Ягор

Мікіта

Святлана ГІН,
кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага ІРА,
настаўніца пачатковых класаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля,
настаўнік-метадыст
.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*