Шчырая размова пра дзесяцібальную сістэму ацэнкі ведаў
Дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў уведзена ў Рэспубліцы Беларусь у 2002 годзе для ацэнкі ведаў у школах, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных установах. Гэта абагульненыя крытэрыі вучэбных дасягненняў навучэнцаў у выглядзе ўзроўняў. У дзесяцібальнай сістэме ўсе адзнакі станоўчыя. Кожная адзнака азначае пэўны ўзровень вучэбных дасягненняў.
15 гадоў выкарыстання 10-бальнай сістэмы паказалі, што гэтая сістэма дае добрую магчымасць для развіцця дзіцяці, дазваляе аб’ектыўна ацаніць веды навучэнцаў.
Пры 5-бальнай сістэме адзнака была суб’ектыўнай. “Тройка” ўключала ў сябе вялікі спектр паказчыкаў — ад вымаўлення некалькіх слоў па тэме да дапушчэння некалькіх памылак. Яшчэ больш размытымі былі патрабаванні для атрымання “пяцёркі”. Вучань атрымліваў “пяцёрку”, ідэальна адказваючы на пытанне, выказваючы свой пункт гледжання, выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру. Але “пяцёрку” атрымліваў і вучань, які дакладна перадаваў тэкст параграфа — не больш! Часта настаўнікі вымушаны былі аперыраваць у вуснай форме адзнакамі “5-”, “5+”, “4-”, “4+” і ацэньваць аднымі і тымі ж баламі розны ўзровень навучанасці навучэнцаў. Такім чынам, нізкая адрознівальная здольнасць 5-бальнай шкалы не дазваляла аб’ектыўна ацаніць сапраўдную ступень атрыманых ведаў па прадмеце, а галоўнае, правільна ацаніць уменні і навыкі навучэнцаў. У 5-бальнай сістэме ацэньвалася “што ведае вучань па гэтым параграфе”, а ў 10-бальнай ацэньваецца “што ўмее вучань з гэтымі ведамі рабіць”.
Яшчэ ў 1983 годзе ў эксперыменце з дапамогай камп’ютарнай імітацыйнай мадэлі (Л.Л.Левін “Аб залежнасці эфектыўнасці навучання ад бальнасці сістэмы ацэнак”. Выдавецтва ТДУ. Томск, 1983 г.) было пераканаўча даказана, што з павелічэннем адрознівальнай здольнасці шкалы да 10 адзінак расце хуткасць навучання. Адрознівальная здольнасць дзесяцібальнай сістэмы дазваляе зразумела для ўсіх бакоў вучэбнага працэсу ацаніць узровень вучэбных дасягненняў вучня, а не аб’ём інфармацыі, якая ім перадаецца. Настаўнік мае больш магчымасцей аб’ектыўна ацаніць веды і ўменні, у вучняў больш стымулаў добра вучыцца — прыметней дасягненні.
Цвярозага розуму настаўнік, бацькі, навучэнец — усе бакі адукацыйнага працэсу павінны былі б узрадавацца такому падыходу да ацэнкі ведаў і ўменняў. Нарэшце мы атрымалі сістэму, якая дазваляе ацэньваць равіццё ўменняў, бо кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу зацікаўлены ў дасягненні вучэбных вынікаў, у тым, каб гэтыя вынікі былі ацэнены аб’ектыўна, каб былі выключаны выпадкі суб’ектыўных і памылковых меркаванняў, каб адзнакі адлюстроўвалі сапраўдную паспяховасць навучэнцаў.
За 15 гадоў выкарыстання 10-бальнай сістэмы зроблена вельмі многа. Інтуітыўнае выстаўленне адзнак у ранейшай 5-бальнай сістэме змянілася ў 10-бальнай сістэме аб’ектыўнымі паказчыкамі для вызначэння дасягнутага ўзроўню, якія апісаны на аснове педагагічных даследаванняў і маюць якасную характарыстыку. Яны не залежаць ні ад настаўніка, ні ад вучня. Яны адзіныя для ўсіх. Строгая крытэрыяльная база, публічнасць, універсальнасць і даступнасць крытэрыяў гарантуюць аб’ектыўнасць выстаўленых адзнак. У існуючай 10-бальнай сістэме ёсць слоўнае апісанне кожнага бала, для кожнага прадмета ёсць пашыранае апісанне ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, класіфікацыя істотных і неістотных памылак, хібнасцей, якія неабходна ўлічваць пры ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці. Усё гэта дазваляе практычна выкарыстоўваць гэтую сістэму ацэньвання ведаў.
Але разам з тым існуюць і праблемы ў выкарыстанні 10-бальнай сістэмы ва ўстановах адукацыі.
Спачатку ўдакладнім паняцці “ацэнка” і “адзнака”. Ацэнка — разгорнутая слоўная характарыстыка вынікаў, стараннасці, імкнення, намаганняў і творчасці навучэнца. Ацаніць — значыць вызначыць ступень, узровень, якасць выканання навучэнцамі задач, пастаўленых перад імі ў працэсе навучання. Калі настаўнік ацэньвае навучэнца, ён выказвае перш за ўсё сваё меркаванне пра канкрэтную работу канкрэтнага навучэнца.
Адзнака — гэта вынік працэсу ацэньвання, яго ўмоўна-фармальнае (знакавае), колькаснае выражэнне ацэнкі вучэбных дасягненняў навучэнцаў у балах. Калі настаўнік ставіць адзнаку, на першы план выстаўляецца дзяржаўны стандарт якасці ведаў.
Паспрабуем разгледзець існуючыя праблемы з пункту гледжання ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу — настаўніка, вучня, бацькоў.
НАСТАЎНІК
Сярод прымет, якія характарызуюць работу настаўнікаў, якія дасягнулі поспехаў у навучанні, можна вылучыць наступныя: прад’яўляюцца высокія патрабаванні, выкананне якіх паслядоўна кантралюецца і ацэньваецца; умела выкарыстоўваюцца ацэнкі і адзнакі ў мэтах развіцця асобы навучэнцаў. Настаўнік можа самастойна вызначаць перыядычнасць ацэньвання дасягненняў кожнага вучня. Настаўнік-прафесіянал разумее, што правяраць і ацэньваць веды трэба на кожным уроку. Перад вывучэннем новага матэрыялу неабходна правесці дыягностыку ўжо засвоеных ведаў, якія неабходны для вывучэння новай тэмы. У канцы ўрока — ацаніць веды, засвоеныя на ўроку. Выкарыстоўваючы 10-бальную сістэму, ацэнку ведаў можна праводзіць пастаянна, па ўсіх тэмах праграмы, ахопліваючы пры гэтым значную колькасць навучэнцаў або ўвесь клас у цэлым.
“Вынікі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў ацэньваюцца ад самага нізкага да самага высокага бала незалежна ад віду кантролю і ўзроўню вывучэння вучэбных прадметаў”, “Пры адсутнасці вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцам выстаўляецца 0 (“нуль”) балаў” (Загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29.05.2009 № 674 “Аб зацвярджэнні норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці і крытэрыяў ацэнкі паводзін навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў”).
Праблема № 1. Існуючая 10-бальная сістэма, на жаль, фактычна ператвараецца ў 5-бальную.
Кожны вучань мае права атрымаць адзнаку ад 1 да 10 балаў незалежна ад віду кантролю. Ці многа знойдзецца настаўнікаў, якія паставяць нядбайнаму вучню ў чвэрці 1? “Двойку”, праўда, сустрэць можна, але не як выніковую (гадавую), а як прамежкавую адзнаку. Найбольш часта ў класным журнале можна сустрэць адзнакі ад 5 да 9 балаў. Настаўнік, які прытрымліваецца 10-бальнай сістэмы (калі вынікі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў ацэньваюцца ад самага нізкага да самага высокага бала), хутчэй за ўсё будзе мець сярэдні бал па сваім прадмеце ніжэйшы, чым у калег, якія не цалкам выкарыстоўваюць магчымасці 10-бальнай шкалы.
Параўнанне сярэдняга бала па розных прыметах, параўнанне сярэдняга бала розных класаў ператварылася ў найважнейшы крытэрый, які вызначае выніковасць работы настаўніка. Але нельга лічыць сярэдні бал галоўным паказчыкам. Важна параўнанне таго, на якім узроўні было дзіця і на якім апынулася ў цяперашні час. Гэта яго асобасны рост. Скачок з 6 да 7 — гэта скачок! І гэта павінны разумець і вучні, і бацькі, і настаўнікі.
Пры выстаўленні адзнакі за чвэрць найбольш распаўсюджана практыка падліку сярэдняга арыфметычнага ўсіх адзнак, атрыманых у чвэрці, з наступным акругленнем адзнакі на карысць вучня. Але ў нарматыўных дакументах (Загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 29.05.2009 № 674 “Аб зацвярджэнні норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці і крытэрыяў ацэнкі паводзін навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў”. “Аб кантролі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў і іх атэстацыі” (Метадычныя рэкамендацыі па вучэбных прадметах)), якія рэгламентуюць работу настаўніка па выстаўленні адзнак за чвэрць, запісана: “Выстаўленне адзнакі за чвэрць ажыццяўляецца на аснове вынікаў тэматычнага і прамежкавага кантролю з улікам пераважнага або найвышэйшага (па рашэнні настаўніка) паўрочнага бала як сярэдняе арыфметычнае адзнак”. Такім чынам, вынікі тэматычных узроўневых праверачных работ, лабараторных узроўневых работ, індывідуальных творчых работ, выкананых на працягу чвэрці, узроўневай праверачнай работы за чвэрць з’яўляюцца вызначальнымі пры выстаўленні адзнакі за вучэбную чвэрць. Улічваецца адзнака паўрочнага кантролю, якая пераважае, калі апошні прадугледжваў заданні ўсіх узроўняў вучэбнай дзейнасці і вучню давалася магчымасць атрымаць найвышэйшы бал. Пры гэтым улічваецца і дынаміка індывідуальных вучэбных дасягненняў вучня на канец чвэрці. Напрыклад, сярэдні бал вучня па выніках пералічаных работ — 7,5.
Трымаючыся нарматыўных дакументаў, настаўнік павінен выставіць за чвэрць адзнаку 7 балаў, калі адзнакі вучня ў чвэрці размяркоўваліся наступным чынам: 9, 9, 6, 6. Калі вучань меў адзнакі 6, 6, 9, 9, тады адзнака за чвэрць — 8 балаў.
Праблема № 2. Адсутнасць адзінага падыходу да выстаўлення адзнак па розных прадметах, хаця ў нарматыўных дакументах крытэрыі ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў прапісаны даволі падрабязна.
Кароткае апытанне сярод калег, работа з рознымі катэгорыямі настаўнікаў на ўзроўні раёна, вобласці, рэспублікі дазваляе вылучыць адну з прычын гэтай праблемы — недастатковае разуменне настаўнікамі крытэрыяў 10-бальнай сістэмы. Калі навучэнец за адзін і той жа від задання па розных прадметах атрымлівае розны бал, ад гэтага больш за ўсё пакутуе псіхіка дзіцяці. Выстаўляць 10 балаў за заданні трэцяга ўзроўню (пераказ вывучанага матэрыялу з падручніка) непрафесійна, нельга таксама абмяжоўваць магчымасць навучэнца атрымаць “дзясятку”.
Можна назваць і іншыя суб’ектыўныя памылкі пры выстаўленні адзнак:
• імкненне пазбегнуць крайніх адзнак (не ставіць “адзінак”, “двоек” і “дзясятак”);
• блізкасць адзнакі да той, якую ставяць калегі (напрыклад, па большасці прадметаў вучань мае высокія адзнакі, у такой сітуацыі цяжка выстаўляць нізкія адзнакі па сваім прадмеце);
• памылкі арэолу (не ставіць нізкую адзнаку медалісту);
• перанос ацэнкі за стараннасць і паводзіны на адзнаку па вучэбным прадмеце.
Асобна варта вылучыць паблажлівасць, якая выяўляецца ў завышэнні адзнак.
Уявіце сітуацыю з дарослага жыцця. На работу ўзялі двух маладых людзей на выпрабавальны тэрмін. Абодва старанна працуюць, але з прычыны здольнасцей адзін з іх дэманструе лепшыя вынікі. Каго пакінуць на службе? Школа павінна вучыць будучаму даросламу жыццю, вучыць працаваць на вынік, а не ў імя працэсу.
Важным крокам да разумення крытэрыяў выстаўлення адзнак па 10-бальнай сістэме можа быць практыка сумеснай дзейнасці настаўнікаў, якія выкладаюць розныя прадметы, па суаднясенні балаў і канкрэтных заданняў. Напрыклад, я, настаўнік біялогіі, паспрабую прапанаваць тлумачэнне крытэрыяў настаўнікам гісторыі і матэматыкі.
Праблема № 3. Недастатковая колькасць кантрольна-вымяральных матэрыялаў, заданняў, якія адпавядаюць 10-бальнай сістэме.
У існуючых кантрольна-вымяральных матэрыялах, тэстах, заданнях, якія выдаюцца ў вялікай колькасці, па многіх тэмах адсутнічаюць заданні першага і пятага ўзроўняў, няма ранжыравання заданняў па ўзроўнях. Выкарыстоўваючы гэтыя матэрыялы, настаўнік можа выявіць, ці засвоены на ўроку асноўныя элементы вучэбных тэм, калі трэба, падкарэкціраваць сваю работу. Але, на жаль, не можа выкарыстаць 10-бальную сістэму для выстаўлення адзнак. Для гэтага настаўнік павінен размеркаваць існуючыя заданні па ўзроўнях або самастойна стварыць заданні, якія адпавядаюць пяці ўзроўням.
Кожны вучань, вывучаючы прадмет у любым класе і ў любой школе, мае права атрымаць адзнаку ад самага нізкага да самага высокага бала незалежна ад віду кантролю. Задача настаўніка — стварыць умовы, скласці або падабраць адпаведныя заданні, якія забяспечваюць гэтае права вучня. Відавочна, што характар заданняў таго ці іншага ўзроўню навучання будзе вар’іравацца ў залежнасці ад узросту (класа) і прадмета, які вывучаецца, ад узроўню папярэдняй падрыхтоўкі навучэнцаў. Крытэрыі ацэнкі ведаў у класах з профільным навучаннем могуць адрознівацца ад базавых класаў. Аднак гэтыя адрозненні будуць тычыцца аб’ёму вывучанага матэрыялу, а не глыбіні яго засваення. Варта прызнаць, што немагчыма даць універсальны рэцэпт для ўсіх настаўнікаў па складанні ўзроўневых праверачных работ і распрацоўцы заданняў. Але можна вызначыць асноўныя падыходы, некаторыя тыпы пытанняў, прыклады задач. Для настаўнікаў важна не толькі атрымаць гатовыя тэксты праверачных работ, але і асвоіць асноўныя падыходы да складання ўзроўневых заданняў і ацэнцы вучэбных дасягненняў школьнікаў, да праектавання паўрочнага і тэматычнага кантролю. У рамках курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў неабходны практычныя заняткі, на якіх настаўнік зможа гэтаму навучыцца. “Як ацаніць апісальны адказ вучня?”, “Як ацаніць адказы навучэнцаў на пытанні, выкананне заданняў, рашэнне задач?”, “Як скласці пытанне і заданне 10-бальнага ўзроўню?”, “Як ацаніць практычныя навыкі і ўменні навучэнцаў?” — гэтыя пытанні павінны стаць тэмамі для вучэбных семінараў настаўнікаў-прадметнікаў.
ВУЧАНЬ
Безумоўна, адзнака і ацэнка ўплываюць на самаацэнку навучэнца, матывацыю яго дасягненняў, трывожнасць, эмацыянальны камфорт, узаемаадносіны з навакольнымі. Настаўнікі добра ведаюць напружаную цішыню ў класе пры аб’яўленні адзнак, рэакцыю, якую выклікаюць адзнакі ў дзяцей: ад слёз да непрыхаванай радасці. Але, можа быць, тады ў школе адмовіцца ад ацэньвання ведаў навучэнцаў? Або настаўнік не павінен выстаўляць нізкія адзнакі сваім вучням? Я ўпэўнена, што ацэньваць веды навучэнцаў трэба абавязкова. Проста адзнакі і ацэнкі павінны быць аб’ектыўнымі, без папярэдняй негатыўнай устаноўкі “слабы вучань”, або станоўчай устаноўкі “гэта добрая дзяўчынка”, “гэта медаліст”. Аб’ектыўная і сістэматычная ацэнка стымулюе работу, паспяховасць навучэнцаў, іх славалюбства, садзейнічае рэгулярнаму выкананню работ. Любая адзнака, якую навучэнец лічыць справядлівай (няважна, нізкая яна ці высокая), павышае ўзровень матывацыі, становіцца стымулам дзейнасці і паводзін навучэнцаў, дапамагае зрабіць яго суб’ектам, які думае, які крытычна падыходзіць да дасягнутага выніку і не губляецца ў складаных жыццёвых сітуацыях.
Праблема № 1. Недастатковае разуменне навучэнцамі крытэрыяў выстаўленай настаўнікам адзнакі.
Сваю работу ў класе настаўнік павінен пачынаць з тлумачэння крытэрыяў ацэнкі, каб навучэнцы ведалі, пры якіх умовах можна атрымаць тую ці іншую адзнаку. Лічбавая бальная сістэма дапаўняецца слоўнай ацэнкай. Па сваім вопыце ведаю, што разуменню навучэнцамі крытэрыяў 10-бальнай сістэмы спрыяе сумесная экспертыза з навучэнцамі атрыманага выніку, самакантроль, самаацэнка праверачных работ (асабліва на першых уроках па тэме), складанне навучэнцамі заданняў, якія адпавядаюць пяці ўзроўням. Такая праверка мае вучэбнае значэнне. Веды не толькі перадаюцца і паўтараюцца, але і сістэматызуюцца, замацоўваюцца. У пачатку навучальнага года, на першым уроку біялогіі, я прапаную навучэнцам спрагназаваць сваю гадавую адзнаку. Яны робяць запіс на першай старонцы рабочага сшытка: “Меркаваная адзнака —…” (часцей за ўсё навучэнцы гімназіі хацелі б мець адзнаку 8 або 9 балаў). Потым я нагадваю існуючую паслядоўнасць, якая можа прывесці да прагназаванага выніку: “матыў — мэта — дзеянне — вынік”. Пасля гэтага застаецца толькі вызначыць, што неабходна зрабіць вучню для атрымання жаданай адзнакі.
Праблема № 2. Страх праверкі ведаў.
Псіхолагі гавораць пра школьную трывожнасць, якую выяўляюць у навучэнцаў (прычым як у слабых, так і ў моцных). Самы вялікі страх у вучня ў школе — гэта страх праверкі ведаў. Але, можа быць, гэта не страх атрымаць нізкую адзнаку, а страх не адпавядаць спадзяванням навакольных?
Я думаю, што справіцца са страхам праверкі ведаў вучань зможа, калі:
1) ведае, што мае права на памылку, можа загадзя папярэдзіць настаўніка пра нявывучаны ўрок;
2) разумее, што ад яго патрабуюць, ведае крытэрыі адзнакі 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў;
3) разумее неабходнасць уменняў, якія патрабуюцца;
4) не сумняваецца ў справядлівасці настаўніка пры ацэньванні кожнага задання, выкананага навучэнцам;
5) ведае, што ацэнка па прадмеце не можа быць зніжана з мэтай пакарання за парушэнне дысцыпліны, за забыты падручнік або сшытак;
6) ведае, што трэба зрабіць для атрымання больш высокай адзнакі;
7) упэўнены, што зможа дасягнуць таго, што патрабуецца, што атрыманне больш высокай адзнакі залежыць ад яго самога і ступені яго стараннасці.
Ацэнка будзе мець выхаваўчае ўздзеянне, адзнака — спрыяць развіццю вучня, калі настаўнік стараецца выконваць наступныя ўмовы:
1) правярае ўсё, што зададзена, дастаткова поўна ацэньваючы кожнае заданне;
2) правярае і ацэньвае толькі той вучэбны матэрыял, які прапрацаваны. Неэтычна ставіць адзнаку за тэму, адпрацоўка якой не была арганізавана на ўроку. Таму ў каляндарна-тэматычным планаванні настаўніка абавязкова павінны быць урокі ўвядзення ў тэму і ўрокі адпрацоўкі ведаў і ўменняў, на якіх вучань можа высветліць усе пытанні, неабходныя для разумення тэмы, выканаць пробныя заданні. На гэтых уроках настаўнік не ставіць адзнакі, хаця слоўная ацэнка прысутнічае абавязкова;
3) аб’яўляе адзнаку таму, хто адказвае, і ўсяму класу, адзначаючы, чаму пастаўлена тая ці іншыя адзнака;
4) трымаецца прынцыпу аднолькавых магчымасцей для ўсіх навучэнцаў: адзнакі выстаўляюцца толькі па дакладных крытэрыях, кожны вучань мае права і магчымасць атрымаць адзнаку ад 1 да 10 балаў незалежна ад папярэдніх няўдач або поспехаў;
5) не выстаўляе адзнакі без разгорнутага і поўнага каментарыя (ацэнка папярэднічае адзнацы). Каменціраванне адзнак неабходна для называння памылак у вучэбнай рабоце вучня, для адкрыцця перад ім перспектыў паляпшэння вынікаў вучэбнай дзейнасці, галоўнае, для забеспячэння згоды навучэнца з адзнакай, якая яму выстаўляецца (калі вучань унутрана згодны з адзнакай, то яе эфектыўнасць узрастае);
6) параўноўвае вучня толькі з самім сабой, а не з іншымі навучэнцамі.
Праблема № 3. Многія навучэнцы 5—6 класаў не валодаюць уменнямі, якія дазваляюць ім выконваць заданні чацвёртага і пятага ўзроўняў.
Для вырашэння гэтай праблемы неабходны ўзгодненыя дзеянні настаўнікаў, якія працуюць у 3-х і 4-х класах на першай ступені навучання, і настаўнікаў, якія працуюць на другой ступені навучання, па развіцці ўменняў, а таксама для дасягнення разумення крытэрыяў 10-бальнай сістэмы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці. Гэта забяспечыць мяккі, паступальны пераход да прымянення 10-бальнай сістэмы ў шматпрадметным навучанні.
БАЦЬКІ
Неразуменне бацькамі 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў — адна з самых вялікіх праблем.
Большасць бацькоў, бабуль, дзядуляў не вельмі добра арыентуюцца ў існуючай сістэме ацэнкі ведаў.
У 5—6 класе можна пачуць пытанні ад збянтэжаных бацькоў: “Шасцёрка” — гэта добрая адзнака?”, “Васьмёрка” — гэта “чацвёрка” ці “пяцёрка?”. Паважаныя настаўнікі, давайце растлумачым бацькам, што нельга параўноўваць адзнакі 10-бальнай і 5-бальнай сістэм, таму што прынцыпы ацэньвання вучэбнай дзейнасці навучэнцаў абсалютна розныя. Бацькам трэба пастарацца спакойна ўспрымаць вынікі вучэбнай дзейнасці дзіцяці, нават калі гэтыя вынікі не адпавядаюць іх спадзяванням. Працэс навучання не бывае без памылак. У 10-бальнай сістэме ўся шкала лічыцца станоўчай. Кожная адзнака азначае пэўны ўзровень вучэбных дасягненняў. Нават для атрымання “адзінкі” навучэнец павінен паказаць пэўны ўзровень ведаў.
Бацькі павінны быць у курсе, як выстаўляюцца канкрэтныя балы. Кожны раз, пачынаючы працаваць з 6 класам, я прыходжу на бацькоўскі сход для таго, каб бацькам шасцікласнікаў растлумачыць крытэрыі 10-бальнай сістэмы на канкрэтных прыкладах.
Напрыклад, тэма “Каранёвыя сістэмы”:
• 1—2 балы. Настаўнік паказвае стрыжнёвую каранёвую сістэму, пытаецца: “Гэта стрыжнёвая каранёвая сістэма?” Вучань пазнаў, распазнаў самастойна — 2 балы; карыстаецца падручнікам, дапамогай настаўніка — 1 бал.
• 3—4 балы. Настаўнік паказвае валасніковістую каранёвую сістэму, пытаецца: “Як называецца гэтая каранёвая сістэма?” Вучань адказвае: “Валасніковістая”. Упэўнена перадаў вучэбны матэрыял (аб’ект вывучэння) на ўзроўні памяці (неўсвядомленая перадача) — 4 балы; сумняваецца ў адказе, выкарыстоўвае дапамогу падручніка або настаўніка — 3 балы.
• 5—6 балаў. Заданне настаўніка: “Апішы будову валасніковістай і стрыжнёвай каранёвых сістэм”. Вучань упэўнена, без чужой дапамогі, без памылак апісвае асобна будову двух тыпаў каранёвых сістэм (гэта пераказ матэрыялу параграфа падручніка), перадае вучэбны матэрыял на ўзроўні разумення (усвядомленая перадача) — 6 балаў (у савецкія часы за такое паставілі б “пяцёрку”); наяўнасць недакладнасцей у адказе, неістотныя памылкі, якія не вядуць да скажэння зместу, — 5 балаў.
• 7—8 балаў. Заданне настаўніка: “Параўнаць будову стрыжнёвай і валасніковістай каранёвых сістэм”. Вучань вылучае прыметы падабенства і адрознення (а не пераказвае асобна будову двух тыпаў каранёвых сістэм), прымяняе веды ў незнаёмай сітуацыі на аснове абагульненага алгарытму для вырашэння новай вучэбнай задачы, робіць гэта ўпэўнена, без памылак — 8 балаў; дапускае недакладнасці — 7 балаў.
• 9—10 балаў. Заданне настаўніка: “Растлумачце, чаму ў вярблюджай калючкі каранёвая сістэма дасягае ў даўжыню 120 метраў, а ў кактуса размяшчаецца блізка да паверхні глебы”. Непасрэднага адказу на гэтае пытанне ў падручніку няма, але ў працэсе вывучэння тэмы настаўнік зазначаў прыстасаванасць будовы каранёвых сістэм раслін да ўмоў існавання, узаемасувязь будовы каранёвых сістэм і іншых органаў раслін. Вучань самастойна тлумачыць асаблівасці будовы каранёвых сістэм вярблюджай калючкі і кактуса прыстасаванасцю да розных умоў, асаблівасцямі будовы іншых частак расліны, самастойна выкарыстоўвае раней засвоеныя веды ў новай сітуацыі — 10 балаў; дапускае недакладнасці, карыстаецца нязначнай падказкай настаўніка — 9 балаў.
Звычайна пасля такога тлумачэння я чую выказванне бацькоў: “Для таго каб адказаць на 7—8, 9—10, думаць трэба!”, “Не кожнае дзіця адразу зможа адказаць на такія пытанні”. Усё правільна! Не кожнае і не адразу, гэтаму трэба вучыцца, развіваць мысленне, фарміраваць уменні. Але ў кожнага дзіцяці свой час, неабходны для развіцця, а настаўнік не чараўнік, які зможа гэта зрабіць за адзін урок, у адзіночку, без дапамогі бацькоў, без падтрымкі настаўнікаў-прадметнікаў, якія будуць таксама развіваць неабходныя ўменні на сваіх уроках. Яшчэ трэба памятаць пра тое, што навучыць усіх на 7—8, 9—10 настаўнік не зможа, як не зможа пашырыць межы генатыпу, вызначаныя бацькамі. Мне здаецца, што бацькі часта ўспрымаюць няўдачу дзіцяці як сваю ўласную. Бацькам хочацца, каб дзіця прачнулася заўтра раніцай і адразу змагло рашаць задачы на 7—8, 9—10. Каб цярпліва чакаць вынікаў развіцця свайго дзіцяці, трэба яго вельмі любіць.
Дапамагае дабіцца разумення бацькоў існуючая ў 10-бальнай сістэме слоўная ацэнка ведаў.
Слоўная характарыстыка | Выражэнне ў балах |
— нездавальняюча — амаль здавальняюча — здавальняюча — вельмі здавальняюча — амаль добра — добра — вельмі добра — амаль выдатна — выдатна — цудоўна |
0 1—2 3 4 5 6 7 8 9 10 |
Праблема правільнай ацэнкі ведаў, уменняў і навыкаў надзвычай важная як для адукацыйнай установы ў цэлым, так і для кожнага настаўніка і вучня. Сёння наша адукацыя мае дыдактычна і метадычна абгрунтаваную шматузроўневую шкалу ацэнак, якая можа даць аб’ектыўную карціну рэальнага стану спраў як у асобных навучэнцаў, так і ў сістэме адукацыі ў цэлым. Ад аб’ектыўнасці ацэнак залежаць якасць навучання, правільнасць рашэння многіх дыдактычных і выхаваўчых задач. Ацэньванне павінна разглядацца не толькі як сродак кантролю дасягнення вучэбных вынікаў, але і як адзін з педагагічных сродкаў рэалізацыі мэт адукацыі. Задача школы — навучыць навучэнцаў прымяняць свае веды на практыцы, а ацэнкі і адзнакі пры гэтым — аб’ектыўны фактар, з дапамогай якога можна ацаніць здольнасць вучня прымяняць свае веды.
Каб справіцца з адзначанымі праблемамі, неабходна сумесная зладжаная работа настаўнікаў-прадметнікаў, метадыстаў, адміністрацыі, бацькоў. Неабходна выпрацаваць адзіны падыход, які будзе зразумелы ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу, дакладна прытрымлівацца нарматыўных дакументаў, не інтэрпрэтаваць на месцах крытэрыі 10-бальнай шкалы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.
Калі працэсы ацэньвання і выстаўлення бягучых адзнак будуць падзелены, гэта дапаможа вынішчэнню “працэнтаманіі”. Калі пры кантролі будуць загадзя прад’яўляцца адкрытыя патрабаванні да ацэньвання заданняў, якія выконваюцца, пераадолены страх вучня перад негатыўнай адзнакай, то гэта пазітыўна паўплывае на матывацыю, самапавагу, адказнасць выпускніка. Вельмі важна, каб у пагоні за праславутым сярэднім балам не былі страчаны асноўныя функцыі ацэнкі, каб гэтая пагоня не дазволіла ператварыць добрую ідэю ў прафанацыю.
Ірына КЛЯВЕЦ,
настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці, настаўнік-метадыст,
старшыня рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.