Breaking News

Рознакаляровае “Прывітанне”

Пажаданне здароўя — простае дзеянне. Зразумела, што ў сваёй прастаце і відавочнасці мае важны сэнс. Сэнс, напоўнены рознакаляровымі адценнямі нашага жыцця. Сэнс складаны, часам складаназалежны, іншы раз надумана-злучаны. Мы прывыклі да немудрагелістага “Прывітанне”. Часта гаворым яго аўтаматычна, быццам кідаем. Цалкам можам абысціся без яго. Можам?

Звяртаючы ўвагу на голас, тэмбр, выраз вачэй чалавека пры вітанні, мы счытваем інфармацыю і, адказваючы, самі трансліруем яе ў свет. Для чаго? Каб адмахнуцца? Або абняць ужо адным гэтым словам? Не звярнуць увагі на чалавека, які дзяжурна працадзіў праз зубы? Або выплюхнуць агрэсію? Разгубіцца закахана, паглыбляючыся ў свой свет-“ракавіну” або, наадварот, раскрыцца свету? Якія “Прывітанне” застаюцца ў памяці чалавека, у памяці чалавека-настаўніка?

У маёй, напрыклад, жывуць такія.

Падыходжу да акадэміі сувязі, навучальнай установы, у якой працую. Насустрач пасля заняткаў першай змены выходзяць навучэнцы. Іх многа, званок толькі што празвінеў. Сустракаючыся, яны вітаюцца. Амаль усе. Вельмі розныя, але падобныя ў сваім прывітальным настроі. Ловяць погляд, некаторыя робяць крок насустрач. Многія ўсміхаюцца, некаторыя сур’ёзныя і засяроджаныя.


Ідуць парачкамі, у якіх іскрацца вочы, або гурбой хлопцаў са смяшкамі і бойкімі размовамі. Іх “Добры дзень” быццам зліваецца ў невялікі гаманлівы ручай. На ім я і “плыву” на заняткі, з усмешкай і крокам насустрач. Дзякуй, навучэнцы.

“Прывітанне” здольна акрыліць або крыху засмуціць. Так, рыхтуемся з навучэнцамі да паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. Вучым гісторыю Беларусі. Даведваемся пра вынкі цэнтралізаванага тэсціравання. Атрымліваю паведамленне ва “УКантакце”: “Добры дзень, Алена Анатольеўна. Я паступіла. Дзякуй за мае веды і ўменне іх прымяняць”.

А іншая навучэнка, наадварот, не адказвае на званкі, не піша SMS, не вітаецца ўвогуле. Не ведаю яе выніку. Можа дрэнны? Аказваецца, не. Яна паступіла на бюджэт на выбраную спецыяльнасць. “Магла б і павітацца”, — бурчу я ў такіх выпадках.

Цяжка бывае павітацца з незнаёмым чалавекам проста так, не па справе. І ці трэба? Як вы лічыце?

Пасля працоўна-вучэбнага дня або да яго маю звычку натхняцца, прагульваючыся ў парку. Еду неяк на веласіпедзе. Даганяю хлопчыка гадоў васьмі. На сігнал веласіпеднага званка ён паварочваецца і, прапускаючы наперад, раптам гаворыць: “Добры дзень”. Вымаўляе гэта шчыра і натуральна для сябе.

Але для мяне — раптоўна і дзіўна: “Напэўна, ён ведае, што я — настаўнік, відаць, недзе перасякаліся. Хаця наўрад ці”. Ведае ці не ведае — ня важна. У думках абняла чалавека, усміхнуўшыся яму. Дзень задаўся!

А другі раз спрабавала абагнаць дарослую жанчыну. Пасігналіла ёй, папрасіла быць асцярожнай. Яна спынілася, зрабіла крок убок, роўны, без руху, без погляду і намёку на эмоцыі, перачакала, пакуль я знікну, так бы мовіць. Падзякаваўшы ёй, успомніла маленькага хлопчыка. Усміхнулася і яму.

У чарговую веласіпедную прагулку імжэў дождж, таму людзей у парку не было. Пустэльна. Люблю цішыню. Раптам насустрач выехаў веласіпедыст. Густыя дрэвы. Не светла, хаця і раніца. Успомніліся сюжэты фільмаў пра “ментоў”. Падумалася, што вучняў жа знаёмлю з правіламі бяспекі, а сама не надта асцярожная. Параўняліся… “Добрага дня”,— пажадаў ён, шырока ўсміхаючыся, і пакаціў па сваіх справах. “Трэба думаць пра добрае”, — параіла я сабе. Але з глыбіні шэрага парку ўсё ж такі выбралася.

А з іншым незнаёмцам “Прывітанне” атрымалася жоўта-сонечным. Па дарозе на работу часта сустракаю аднаго і таго ж чалавека. У невялікім гарадку даўно б пачалі вітаць адно аднаго. Дык вось, пераадолеўшы няёмкасць, я неяк спынілася перад гэтым сустрэчным і ўдакладніла: “Калі я пачну з вамі вітацца, вы не палічыце мяне вар’яткай?” Ён здзівіўся? Напэўна. Але цяпер няма няёмкасці ад “Добрай раніцы”, якая ўсміхаецца. Дарэчы, ён калегам аказаўся, выкладчыкам з суседняга каледжа.

Дарэчы, пра каледж, дакладней, пра нашу цяпер ужо акадэмію сувязі. Аднойчы ля ўвахода ў пакой баявой і працоўнай славы, работу якога курырую, сутыкаюся з маладым чалавекам. “Добры дзень, — гаворыць ён нерашуча. — Ці магу я папрасіць пра інфармацыйную дапамогу?” Аказалася, што яго завуць Аляксей, жыве ў Стаўраполлі і шукае месца, звязанае з гібеллю свайго дзядулі ў Вялікай Айчыннай вайне.

“Добры дзень! А чаму вы, Аляксей, менавіта да нас прыйшлі?” — пытаюся ў яго. “Я, — гаворыць, — сам з Расіі, на кароткі час у Віцебску. Ведаю, што ў Беларусі шануюць памяць пра вайну. Праходзячы міма вашай навучальнай установы, вырашыў, што ў ёй, напэўна, вядзецца пошукавая работа. Зайшоў і ў дзяжурнага спытаўся, да каго можна звярнуцца”.

Аляксей пакінуў вельмі кароткую інфармацыю, падумаўшы, што, згодна з датай у ваеннай даведцы, памерці ў шпіталі дзядуля мог на тэрыторыі Беларусі або Украіны. “Але па зразумелых прычынах, — засмучана заўважыў ён, — ва Украіне цяпер складана весці такі пошук. Таму я тут”.

З навучэнцамі мы ўключыліся ў актыўную работу. І знайшлі! Мы вітаем і з удзячнасцю жадаем здароўя сябрам у сацыяльнай сетцы, якія падключыліся, і пошукаваму атраду з Лепеля ў Віцебскай вобласці. Чарговае “Прывітанне” Аляксея са Стаўраполля з нашымі навучэнцамі ўжо было не нясмелым, а ўпэўненым і па-сяброўску надзейным!

Такім жа надзейным пажаданнем здароўя пачынаецца і кожны ліст ад Ларысы Іванаўны Агеевай, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу.

“Дарагая Алена Анатольеўна! Я вельмі рада вашай інфармацыі. Нават перастала спадзявацца калі-небудзь атрымаць вестку з месцаў, звязаных з нараджэннем, службай і гібеллю майго бацькі, Івана Андрэевіча Агеева, падпалкоўніка, камандзіра 35-га асобнага палка сувязі 43-й Арміі ІІІ Беларускага фронту.

Верагодна, увосень у адным піцерскім выдавецтве выйдзе зборнік “Памяць”. У ім будзе змешчаны мой невялікі нарыс пра тату. Я яго абавязкова вам перашлю. Думаю, што ў нарыс трапіць інфармацыя пра бацьку з музейнага пакоя акадэміі сувязі.

Я не часта, але ўсё ж такі бываю ў Віцебску, наведваю магілу бацькі. Можа, здарыцца, што праездам зноў апынуся ў вашым горадзе, тады абавязкова наведаю акадэмію. Калі ласка, прышліце мне яе адрас. Тады мы зможам павітацца асабіста”.

Канечне, зможам! І не толькі з Ларысай Іванаўнай. Мы зможам знаходзіць шмат нагод і магчымасцей, каб дзецям і дарослым, знаёмым і незнаёмым людзям, у Беларусі і іншых краінах з задавальненнем, надзеяй, захапленнем і годнасцю гаварыць сваё рознакаляровае “Прывітанне”!

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то з чаго пачынаецца якасная адукацыя? Мне ўяўляецца, што якасная адукацыя пачынаецца з простага “Добры дзень”.

І калі я, мы, педагогі, выключым чалавечае, асабістае, то далёка не пройдзем наперад. Менавіта ад пачатку залежыць канец.

Алена КУНАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*