Breaking News

Ні дня без адкрыцця

Працаваць у двух месцах — школе і ВНУ, вучыцца ў аспірантуры, распрацоўваць дыстанцыйныя курсы, пісаць вучэбныя дапаможнікі, праводзіць майстар-класы, адкрытыя ўрокi і летнія школы, кіраваць секцыяй настаўнікаў замежнай мовы ў рамках Беларускага педагагічнага таварыства і асацыяцыяй настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, весці сайт “Суполка” і асабісты блог. Акрамя гэтага, быць яшчэ любячай і клапатлівай матуляй, дачкой, уважлівым і верным сябрам. Хто пра такую нагрузку можа яшчэ гаварыць з усмешкай? Інеса Зубрыліна. У такім рэжыме яна жыве даўно. Хапае і сіл, і не змяншаецца жаданне. Як магчыма? Няма ніякіх цудаў. Хто ведае Інесу Уладзiмiраўну, той адразу адзначае: ёю кіруе вялікая пазнавальная цікаўнасць.

— За 15 гадоў настаўніцтва вашы погляды на прафесію змяняліся?
— Змяняліся. Лічу, што без самарэфлексіі ў чалавека не будзе развіцця ў любой сферы. Калі малады спецыяліст прыходзіць на працу ў школу, то, як бы яго добра ні вучылі ва ўніверсітэце, ён будзе на сваіх занятках капіраваць тых прадметнікаў, якія выкладалі ў яго, спрабаваць той вопыт, які быў перад яго вачыма, у памяці. Ужо праз паўгода, калі ён зразумее, што атрымліваецца, а што не, пачне спрабаваць нешта сваё, а праз некаторы час пачне сябе ацэньваць. Лічу, што рэфлексія павінна быць не толькі на ўроку ў дачыненні да таго, што робяць дзеці, але і з боку настаўніка: што ў мяне сёння атрымалася, а што не. Вельмі добра ў гэтым пытанні дапамагае, калі ёсць слабыя дзеці ў класе. Яны — лакмусавая паперка для настаўніка, самыя лепшыя настаўнікі для педагога. Калі ты разумееш, што ёсць хоць маленькі прагрэс з такiм вучнем, то ты як настаўнік рухаешся ў правільным кірунку.
Сёння без маленькіх адкрыццяў для сябе самой я жыць не магу, бо мне даводзіцца працаваць не толькі з дзецьмі, але і з дарослымi, i з настаўнікамі на курсах павышэння кваліфікацыі. Трэба трымаць планку, безупынна рухацца наперад у сваiм прафесiйным развiццi.

— Інеса Уладзіміраўна, вы дасягнулі поспеху ў прафесіі дзякуючы таму, што бачылі перад сабой прыклад шчаслівых настаўнікаў, якімі былі тата, бабуля? У вас вялікая педагагічная сям’я.
— Гэта так. Маё дзяцінства ўяўлялася разгорнутым дзённікам, гады адлічваліся не каляндарнымі, а навучальнымі, і ўвесь час сутак сканцэнтраваны быў на 45 хвілінах урока. Мая матуля зразумела, што я стану настаўнікам, калі я ў 2 гады зблытала дзень з ноччу, бабулі з татам прыйшлося падладжваць свой школьны расклад, каб мяне няньчыць.
Акрамя сям’i, на мяне моцна паўплывала савецкае кіно пра школу: “Вялікі перапынак”, “Розыгрыш”, “Дажывём да панядзелка”… Вельмі люблю фільм “Расклад на паслязаўтра”, дзе бліскуча іграюць настаўнікаў Алег Даль і Маргарыта Церахава. Вельмі б хацела трапіць у асяроддзе такіх апантаных людзей, як настаўнікаў, так і дзяцей. Не магу сказаць, што мне не шанцавала на таленавітых вучняў, яны былі, але кропкава, а там калектыў адабраных.

— Калі сёння малады чалавек бачыць іншае кіно пра школу — “Вучылка”, “Як географ глобус прапіў”, то, верагодна, у яго ўзнікае супрацьлеглае жаданне: далей трымацца ад школы…
— Пагоня за рэйтынгам, за танным поспехам разбурае педагагічныя каштоўнасці. На сённяшні дзень занадта шмат спецыялістаў па адукацыі. Судзіць, як вучыць, умее хто хочаш: журналісты, бацькі… Але яны не бачаць сітуацыі знутры і бяруць пад увагу танныя стэрэатыпы, якія будуюцца фільмамі другога гатунку. Гэта крыўдна. Ні ў якім разе не кажу, што настаўнік у гэтай сітуацыі не вінаваты. У нашай прафесii, прычым падкрэслю, як і ў любой iншай, таксама ёсць выпадковыя людзi, але iх няшмат. Звычайна такiя са школы бягуць, застаюцца тыя, хто сябе без школы не ўяўляе, яны працуюць, стараюцца адпавядаць запатрабаванням вучняў, бацькоў, адмiнiстрацыi, грамадства. Зашмат сёння ў настаўніка функцый. Прычым ён залежны ад усіх, перад усімі вінаваты. Настаўнік, перш за ўсё, павінен вучыць, i гэта не значыць, што ён павінен навучыць усіх.

— Натуральна. Кожнаму — па здольнасцях…
— Дакладна. А ўспрымаецца, што твой абавязак — навучыць усіх дзяцей на выдатна. Калі ты паставіў “двойку”, то гэта твая адзнака як спецыяліста. Калі ты аналізуеш і разумееш сiтуацыю, спрабуеш знайсцi выйсце — гэта адно, а калі да цябе прыходзяць бацькі з бясконцымі прэтэнзіямі або адміністрацыя… Тут нават людзi, улюбёныя ў сваю прафесiю, могуць рукi апусцiць. Спадзяюся, што сітуацыя хутка зменiцца. Традыцыя, па якой нам увесь час трэба рапартаваць пра павышэнне паказчыкаў, мае даўнія карані, але згадзiцеся, час сацспаборнiцтваў прайшоў. З гэтымi бясконцымi рэйтынгамi настаўнiк перш за ўсе губляе павагу да самога сябе.

— Настаўнікі маўчаць і не заяўляюць гучна пра свае праблемы. Часцей у СМІ можна чуць тых, хто даўно не працуе ў школе і толькі піярыць сябе…
— Ведаеце, той, хто адказна i з душой працуе, пiярыць сябе не будзе, ды і часу няма за сшыткамi ў iнтэрнэце каментарыямi раскiдвацца. Больш за тое, людзей, якія могуць выдатна выконваць сваю работу ды яшчэ добра і цікава пісаць, няшмат. Часцей за ўсё настаўнiкi лiчаць: “Я — выканаўца! У мяне добра атрымліваецца вучыць дзяцей. Хай пішуць і выказваюцца тыя, у каго да гэтай справы здольнасці ёсць або патрэба папулярызаваць сваю дзейнасць, напрыклад, члены клуба “Крыштальны журавель”, настаўнікі-метадысты”. Гэта, дарэчы, i першыя, i другiя робяць нядрэнна. Яшчэ раз хочацца падзякаваць “Настаўнiцкай газеце” за магчымасць супрацоўнiцтва з клубам i асацыяцыяй.
— Ёсць яшчэ прафесійная прэса, дзе пажадана, каб настаўнік вёў дыялог са сваімі калегамі, абменьваўся з імі сваімі ідэямі, думкамі.
— Згодна, прафесiйнага дыялогу не хапае, а пачынаць трэба з сябе, дзялiцца матэрыяламi, якiя зацiкавiлi, абмяркоўваць iх, апрабоўваць. Тым больш што сёння можна проста зрабіць спасылку на рэсурс праз любыя сацыяльныя сеткі. Але тут з’яўляецца яшчэ адна праблема — спажывецкае стаўленне да інфармацыі. Людзі чытаюць, карыстаюцца, пампуюць, а зваротай сувязi няма.

— Чаму? Можа, няма культуры пакідаць каментарыі?
— І гэта таксама. На сваіх аўтарскіх семінарах я часта закранаю тэму інтэрнэт-тэхналогій, таму з веданнем справы магу сказаць, што ў некаторых настаўнікаў нават акаўнтаў няма. Многія цудоўна сябе адчуваюць без электроннай пошты: “Мне гэта не трэба, не хачу сябе нічым загружаць”. Такая ў іх пазіцыя. Свет іншы, а яны гэтага не разумеюць ці не хочуць разумець і жывуць па-даўнейшаму. Калі я дэманструю настаўнікам, як розныя рэсурсы дапамагаюць рыхтавацца да ўрокаў, то яны дзівяцца і з радасцю становяцца іх карыстальнікамі. Амаль любая інфармацыя ў свабодным доступе, але каб спампаваць тэкст, трэба зарэгістравацца, стаць афіцыйным карыстальнікам рэсурсу. Тое, што настаўнікі пампуюць інфармацыю, карыстаюцца ёю — гэта выдатна, але аўтару матэрыялу патрэбна наша ацэнка, падзяка, крытыка, парада, асаблiва калi ён цi яна такi ж практык, як i вы.
Падтрымліваю ідэю “Настаўніцкай газеты” адкрыць пастаянную рубрыку “Медыяадукацыя”, спадзяюся, што гэта будзе карысны рэсурс для развiцця iнфармацыйнай дасведчанасцi. Было б вельмі добра, калі б у Беларусі была створана спецыяльная пляцоўка для прафесiйнага дыялогу. Спрабуем зрабіць такі рэсурс з настаўнікамі-метадыстамі, але аднадумцаў, часу, падтрымкi не хапае. Наша “Суполка”, як і асацыяцыя настаўнікаў-метадыстаў, — не афіцыйны орган, а добраахвотнае аб’яднанне людзей, усё залежыць ад нас самiх, нашага жадання i iнiцыятывы. Прыемна, што да нас далучаюцца калегі з іншых краін — Казахстана, Малдовы, Расii.
Людзі ўсвядомілі неабходнасць інтэрнэт-рэсурсаў, але гэты працэс яшчэ ў самым пачатку, і ісці ён будзе вельмі павольна. Прывяду вам такі прыклад.
У 2009 годзе ў Татарстане ўсім настаўнікам у рамках рэгіянальнай праграмы інфарматызацыі адукацыі былі выдадзены персанальныя ноўтбукі. Мінулым летам я ездзіла ў Елабугу ў адзiн з найстарэйшых педагагічных універсітэтаў Татарстана і Расіі на штогадовы фестываль настаўнікаў. Арганізатары фестывалю заказалі мне некалькі майстар-класаў і ў тым ліку па інфармацыйных тэхналогіях. Калі я прыйшла да настаўнікаў і стала ім называць розныя рэсурсы і сэрвісы, то па іх рэакцыі хутка зразумела, што гэтыя назвы ім ні пра што не кажуць. А яны яшчэ ў 2009 годзе атрымалі па персанальным ноўтбуку! Для мяне гэта быў лёгкі шок.

— Дай інструмент і навучы ім яшчэ карыстацца…
— Так, трэба паказаць, якія магчымасці інструмент у сабе ўтойвае. Гэта не аднаго дня праблема. Ёсць яшчэ адна цяжкасць. Тое, што мы вучым сёння, заўтра можа ста ць леташнім снегам. З улікам таго, што ўсё вельмі хутка развіваецца, трэба веславаць у два разы мацней.

— Можа, з часам і настаўнік стане віртуальным? Гляджу на сучаснае пакаленне і разумею, што яны могуць самі выбіраць, праз якія крыніцы ім атрымліваць інфармацыю.
— Перспектыва такая iснуе, але гэта не выйсце. Тры гады назад у Астане падчас міжнароднага форуму па інфарматызацыі адукацыi я “пазнаёмiлася” з настаўнiкам-робатам. Такі мiлы тэлепузік з велізарным экранам, далучаным да iнтэрнэту, разумее пяць моў, рухаецца, размаўляе. Памятаю, што, як толькі карэйскiя распрацоўшчыкi прадставілі гэтага электроннага настаўніка, у зале імгненна павісла трывожнасць. Гэта адчувалася нават фiзiчна. Пытаннi “Няўжо гэта ўсё? Нашто ж тады я? Што рабiць далей?” вiселi ў паветры. Але праз хвіліну прыйшло ўсведамленне, што няма чаго пужацца. Уявiце, што будзе, калi запусцім мы гэтую разумную цацку ў кабінет да 30 усёзнаек? Шкада 16 тысяч долараў (гэта кошт робата), бо надоўга ж не хопіць. Электронныя і віртуальныя настаўнікі ідэальныя для самастойнага навучання, калі мы гаворым пра высокаматываваных дзяцей, інклюзіўную адукацыю, спосаб павышэння матывацыі на ўроку. Электронны настаўнік — гэта спосаб атрымання ведаў. Але ж ёсць яшчэ ўменні і навыкі, і іх трэба адпрацоўваць і пажадана індывідуальна з кожным. А выхаваўчы аспект, каштоўнасці і кампетэнцыі? Вучыць віртуальна можна, а выхоўваць?

— Магчыма, у настаўніка новага стагоддзя будзе толькі адна функцыя — натхняльніка. Матываваць на пазнанне вучня, а атрымаць любую інфармацыю можна будзе адным націскам мышкі. Думаю, што тады патрабаванні да педагога яшчэ больш узрастуць.
— Сапраўды, прымаўка “Як няма iншай дарогi…” ужо не будзе актуальнай. Дарэчы, студэнтаў апошніх курсаў педагагічных і медыцынскіх факультэтаў я адпраўляла б на год у бальніцу — санітаркай, у дзіцячы сад — нянечкай, у школу — памочнікам настаўніка. Хто пройдзе баявое хрышчэнне, той будзе i добрым доктарам, i сапраўдным настаўнікам. Магчыма, тады ў школу не трапяць выпадковыя людзі.
Мне здаецца, для таго каб быў вынік, настаўніку трэба супрацоўнічаць з дзецьмі, калегамі, адміністрацыяй, бацькамі. I тут патэнцыял сацыяльных сетак, розных суполак, блогаў, груп — велізарны. Многія настаўнікі кажуць, што бацькам з-за работы гэта нецікава. Вядома, ёсць кантынгент, каму нецікава, але большасці бацькоў не ўсё роўна, што адбываецца ў школе. А каб супрацоўніцтва адбылося, трэба працу настаўніка зрабіць максімальна празрыстай. Калі б гэтую празрыстасць увесці, зрабіць узаемаадносіны больш адкрытымі, то было б усё па-іншаму. Людзі бачылі б не толькі прамашкі настаўнікаў, але і тое, што яны робяць выдатна, абмяркоўвалi б тое, у чым самi прымалi ўдзел, а не скандальныя плёткi з тэлеэкрана.

— Ці трэба настаўніку праяўляць актыўнасць для таго, каб у прэсе з’яўлялася больш добрых матэрыялаў пра школу?
— Ёсць шмат педагогаў, якія робяць нешта ўнікальнае, і пра іх трэба пісаць. Дырэктары патрабуюць ад сваіх педагогаў публікацый, i настаўнiк пiша, але калі яго не апублікуюць, то ён не будзе больш гэтым займацца. Чалавек павінен быць упэўнены: тое, што ён робіць, будзе запатрабавана. Калі гэта з прымусу — дырэктара або завуча, то вынік будзе слабы. Трэба, каб ініцыятыва ішла ад педагогаў. Тады будзе і абмен думкамі, і вопытам, i iдэямi. Кожны павінен займацца сваёй справай.
Выдатна, калі б на тэлебачанні з’явіўся адукацыйны канал. Некалькi разоў пра гэта чула, планы, ведаю, ёсць, але калi ён з’явiцца, пакуль невядома.

— Вам часта даводзіцца адказваць на пытанні журналістаў розных выданняў? Які ў вас вопыт супрацоўніцтва са СМІ?
— Я адкрыта да дыялогу i ўдзельнiчаю ў розных сустрэчах на розных узроўнях даволi часта, вопыт супрацоўнiцтва са СМI ў мяне ёсць. Мне гэта цiкава, але i я павiнна быць цiкавай для суразмоўцы, чытачоў або гледачоў. Дзякуючы сваёй прафесiйнай дзейнасцi ў рамках праграм павышэння квалiфiкацыi я пастаянна сустракаю настаўнiкаў з розных куткоў Беларусi, мы многае абмяркоўваем, ведаю шмат прыкладаў, якiмi б магла iлюстраваць сённяшняе жыццё настаўнiка. Разам з тым разумею адказнасць, якую я на сябе бяру: i перад калегамi, i перад сваiмi вучнямi, i перад сваiм сумленнем. Напэўна, таму часам даводзiцца адмаўляцца ад скандальных ток-шоу цi сустрэч, сэнсу ў якiх я не бачу. Пiяр мне не патрэбны, а ўвагi да сябе мне хапае ў класе. Калi мне ёсць пра што расказаць, я пiшу ў сваю газету.

— І яшчэ пажаданні калегам: як годна несці званне “настаўнік” і быць шчаслівым у прафесіі?
— Трэба верыць у сябе i сваiх вучняў, спадзявацца, што заўтра… проста будзе, i заўтра ўсё абавязкова атрымаецца. Любiць сваю справу i памятаць пра тое, што побач тыя, каму ты сёння сапраўды вельмi патрэбны!

Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з асабістага архіва героя.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*