Breaking News

Адчуванне шчырасці

Мабыць, гэтыя словы дакладна адлюстроўваюць агульнае ўражанне ад сустрэчы з сапраўднымі, апантанымі настаўнікамі, у прыватнасці, з членамі клуба “Крыштальны журавель”: ці то на старонках “Настаўніцкай газеты”, ці то ў асабістых зносінах, ці то падчас майстар-класаў, напрыклад, на калядным педагагічным фестывалі, ці то на прасторы інтэрнэту ў настаўніцкіх суполках.

Апошнім часам у “Настаўніцкай газеце” друкуецца шмат матэрыялаў цікавых і неабыякавых педагогаў. Радуе, што яны вельмі разнастайныя па змесце: ад цікавых ідэй урочнай і пазаўрочнай дзейнасці да разважання пра самыя вострыя праблемы адукацыі, якія знаходзяцца ў фокусе абмеркавання педагагічнай супольнасці, нават часам разбураюць пэўныя стэрэатыпы.
Каторы раз гартаю старонкі дадатку “Форум”… Вадзім Паўлавіч Шпетны — самы яркі прыклад таго, што былых настаўнікаў не бывае. Хочацца дадаць — сапраўдных настаўнікаў. Колькі разоў у інтэрв’ю ён узгадаў словы, якія маюць значэнне супольнасці? Сям’я, клас, клуб, каманда, гурт. Чалавек, які адчувае сябе часткай вялікага ці малога цэлага, глядзіць на ўсё з гэтага пункту гледжання, з разуменнем свайго асабістага значэння як члена каманды. А вынік яе дзейнасці залежыць ад кожнага ўдзельніка. Ці шмат вы ведаеце службовых асоб ад адукацыі, якія б мелі неўтаймаванае жаданне правесці ўрок? Я — не многа. Некалі ў 2001 годзе ў АПА на курсах пачынаючых намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце падчас нейкай арганізацыйна-дзейснай гульні (гэта было вельмі модна і актуальна!) давялося супрацоўнічаць з Вадзімам Паўлавічам у адной камандзе. Працягваючы гэты ланцужок часу, думаю: як дзівосна і радасна, што чалавек не страціў умення атрымліваць асалоду ад таго, што робіць!Аб праблемах якасці адукацыі і шляхах іх вырашэння разважае Інеса Зубрыліна, але не звыкла, “не замылена”, шматаспектна, а з іншага боку, вельмі проста. Адчуванне працягу палемікі ў настаўніцкай. Менавіта пра гэта нам “баліць” зараз. Імідж настаўніка ў прыватнасці і ўсёй сістэмы адукацыі ў грамадстве, стаўленне настаўніка да гэтай сістэмы, асабліва яе кіраўніцкага складніка, яго адчуванне запатрабаванасці/незапатрабаванасці, уменне/няўменне і жаданне/нежаданне працаваць у камандзе, гатоўнасць/негатоўнасць нешта мяняць у сваёй практыцы, шляхі да ўдасканалення. А, насамрэч, як мы часцей за ўсё разумеем супрацоўніцтва? І сапраўды, гэта не толькі ўзаемадзеянне, накіраванае на дасягненне агульнага значнага выніку. Гэта “штодзённая праца педагогаў, калі знікае прафесійная аўтаномія”. Паняцце “эфектыўнае супрацоўніцтва” на самай справе непасрэдна звязана з паняццем “эфектыўная школа”. Як гэтага дасягнуць? Тут цалкам можна пагадзіцца з думкай Інесы Уладзіміраўны пра выраўноўванне кампетэнтнаснага фону педагагічнага калектыву. Прапанаваныя ёю шляхі вельмі слушныя. Але ж без простай чалавечай шчырасці нічога не атрымаецца.
Артыкул Святланы Гін таксама не пра адкрыты ўрок як форму метадычнай работы (распаўсюджвання, прэзентацыі педагагічнага вопыту, узаеманавучання). Ён пра нашу настаўніцкую шчырасць або яе адсутнасць. Думаю, што галерэю кур’ёзных (і не зусім) выпадкаў з адкрытых урокаў кожны з нас можа працягваць бясконца: ад смешных да зусім абуральных, накшталт бойкіх вучнёўскіх адказаў і надрукаваных аркушыкаў, якія “мірна” выглядаюць з падручніка альбо сшытка. Калі такое адбываецца (цешыць, што ўсё радзей), то для дарослага ўсё зразумела: такія правілы гульні, так расставілі прыярытэты. Зробім выгляд, што не заўважылі (толькі сорамна неяк і за сябе, і за настаўніка). А чаму сапраўды навучаны школьнік на такім уроку? Некалі мне давялося прысутнічаць на адкрытых занятках аднаго гуртка ў адным з рэгіёнаў, дзе дзеці гулялі ў брэйн-рынг, і група гульцоў, якая “націснула першай”, хорам дэкламавала тэкст цэлых артыкулаў з Адміністратыўна-працэсуальнага кодэкса. Гэта ж трэба, якая нечаканасць! Не ведаю, наколькі добра яны вывучылі кодэкс і навошта гэта ім, але быць няшчырымі ў патрэбным выпадку іх навучылі. На жаль, і зараз такія факты нашай прафесійнай няшчырасці сустракаюцца. Гэта вельмі дысануе з тымі падыходамі да сапраўднага педагагічнага ўзаеманавучання, пра якое пісала Інеса Зубрыліна, з асабістым почыркам трансляцыі настаўніцкага вопыту самой Святланы Гін і многіх іншых сапраўдных настаўнікаў.
Смакую заўсёды радкі-эмоцыі Вольгі Счасновіч. Кожны артыкул — падарожныя нататкі настаўніка-летуценніка, настаўніка-рамантыка, настаўніка-працаўніка, настаўніка — вечнага рухавіка. Эмоцыі. Імкненні. Адчуванні. Пераадольванні. Дасягненні. Бясконцая настаўніцкая дарога да дасканаласці. З імпэтам. З добрым настроем. З гумарам. З аптымізмам. Здзіўленне: колькі здольны паспець сапраўдны педагог, колькі атрымаць пазітыву ад адзінай на ўсё жыццё справы! Лёгка — толькі здаецца! Ніводнага пытання: чаму я павінна? Без вызначэння грунтоўных прычынна-выніковых сувязей (гэта як бы само сабою…). Проста. Мудра. Без настаўленняў. Кароткімі штрыхамі. Як сапраўдны імпрэсіяніст ад педагогікі. Філасофія імгненняў, з якіх складаецца вельмі змястоўны вобраз сучаснага настаўніка. Ніяк не падобнага да ахвяры руціннай і манатоннай працы. Чалавек неабсяжнай абаяльнасці (з вопыту асабістых зносін!). Са шчырым жаданнем працаваць, тварыць, весці — не, не за сабою, а толькі побач. Без лішніх размоў пра статус.
І сапраўды, як сцвярджае Ірына Клявец, “настаўніку, як нікому іншаму, важна мець душу і сэрца, напоўненыя станоўчымі эмоцыямі, радасцю, спакоем, добразычлівасцю, верай”. Дзе іх набрацца? Кожны педагог вырашае гэта для сябе сам. Мне здаецца, што магчымасць мець адносіны да станаўлення асобы — гэта ўжо вялікае шчасце, але ж і вялікая адказнасць. Вялікая раскоша чалавечых зносін з сапраўднымі прафесіяналамі, калегамі-аднадумцамі, магчымасць рэалізаваць творчыя імкненні поплеч з імі. Шчодра дзяліцца сваімі здабыткамі, сумненнямі, ідэямі, разважаннямі і радасцямі.

Ала ЛАЗІЦКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна Брэсцкай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*