Breaking News

Няма ў свеце лепшай прафесіі?

Мы ішлі ў педагогі свядома і асэнсавана. Я і зараз не магу ўявіць сябе ў іншай прафесіі. Без крэйды і дошкі, без яркіх і зацікаўленых вачэй вучняў. Што ж пайшло не так? Адкуль з’явілася гэтая нездаровая цікавасць да настаўніка і яго работы? Куды ён, прэстыж настаўніцкі, знік? Дзе заблудзіў? Або яго свядома прыніжаюць тыя, хто нічога не ведае пра жыццё і работу настаўніка.

Колькі памятаю сябе ў дзяцінстве, столькі марыла стаць ваеннай. Маршыраваць у калоне з песняй, шыфраваць паведамленні, збіраць трывожны чамаданчык, хадзіць у форме. Пра што яшчэ можа марыць дачка ваеннага? Мара мая паступова набывала больш выразную структуру і рэальныя абрысы. Да 5 класа я ўжо ведала, што буду настаўнікам. Настаўнікам пачатковых класаў, настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а можа, настаўнікам матэматыкі. Сумненняў не было. Я буду настаўнікам. У год майго паступлення конкурс на фізмат МДПІ імя А.А.Куляшова быў вельмі высокі. З 50 студэнтаў, якіх набіралі на спецыяльнасць “Настаўнік матэматыкі і фізікі”, 50 было толькі медалістаў! Яны здавалі толькі адзін экзамен. І калі атрымлівалі 5 балаў, то адразу залічваліся ў ВНУ. Вы таксама памятаеце гэты час? І вы цвёрда верылі, што няма лепшай за настаўніцкую прафесію? Так.Адзін навучальны год. Давайце пагаворым пра гэты адрэзак часу ў жыцці педагога (мы з вамі, паважаныя калегі, вымяраем сваё жыццё менавіта так — навучальнымі гадамі) і ацэнім свой уклад у настаўніцтва, у нашу агульную справу — справу навучання і выхавання школьнікаў. А паколькі артыкул пішу я, то дазволю сабе падрабязна расказаць менавіта пра свой навучальны год.
З якога моманту толькі вось весці адлік? Калі ён пачынаецца, гэты навучальны год у жыцці настаўніка?
У мяне такое адчуванне, што навучальны год 2014/2015 плаўна выцек з папярэдняга… Лета 2014 года праляцела імгненна. У справах хатніх, якія перыядычна перапыняліся выездамі ў Мінск. То на семінар членаў журы (па абмеркаванні і выпрацоўцы крытэрыяў ацэньвання конкурсных мерапрыемстваў для конкурсу “Настаўнік года-2014”), то ў Міністэрства адукацыі, то ў Нацыянальны інстытут. З сярэдзіны жніўня становіцца весялей: падрыхтоўка кабінета і школы да новага навучальнага года, работа на вучэбных курсах (тэматычным семінары) “Арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” з настаўнікамі, якія выйшлі ў фінал конкурсу. Жнівеньскія секцыі, канферэнцыі раённая і абласная. Узнагарода. Знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Шчыра скажу: вельмі прыемна. Дзякуй, што адзначылі мяне.
Верасень. Новы навучальны год пачаўся. Неяк хутка і імкліва стаў набіраць ён свае абароты. Старэйшая дачка — пяцікурсніца, малодшая — адзінаццацікласніца, я — класны кіраўнік 5 класа… Закруцілася кола школьнага жыцця, а разам з ім і я. Работа ў школе. Урокі, работа з маімі пяцікласнікамі і работа як настаўніка-метадыста і члена клуба “Крыштальны журавель”. Усё змяшалася. І недзе там была яшчэ мама і жонка.
Прабягуся сцісла па некаторых момантах навучальнага года, яго падзеях і вехах.
12—13 верасня ў АПА адбыўся рабочы злёт “жураўлёў” па падрыхтоўцы работы секцыі клуба “Крыштальны журавель” на ІІІ Міжнародным з’ездзе настаўнікаў, педработнікаў краін СНД. Работа ў групах дазволіла прадумаць схемы прадстаўлення работы педагогаў клуба па асноўных напрамках развіцця нацыянальнай адукацыі. Мы раз’ехаліся і працягвалі весці работу ўжо дыстанцыйна.
21—27 верасня — Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”. Мне пашчасціла ўвайсці ў склад журы гэтага конкурсу ў намінацыі “Матэматыка, фізіка, інфарматыка”. Некалькі бяссонных начэй, перажыванні за кожнага з удзельнікаў. Не. Лепш удзельнічаць самой. Так лягчэй. І перажываеш толькі за сябе, а не за кожнага канкурсанта.
30 верасня — 3 кастрычніка 2014 года ў Мінску адбыўся ІІІ з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД “Узаемадзеянне нацыянальных адукацыйных сістэм краін СНД як фактар павышэння якасці адукацыі”. У рамках работы з’езда дзейнічалі розныя секцыі. Сярод іх — секцыя клуба “Крыштальны журавель”. Тэма работы нашай секцыі “Рэалізацыя мэт адукацыі ў педагагічнай практыцы (метадычны калейдаскоп)”. І ў рамках секцыі — выступленні 7 груп з дэманстрацыяй педагагічнага вопыту па напрамках згодна з мэтамі Кодэкса аб адукацыі. Па словах журналіста “Настаўніцкай газеты” (№ 120, с.5, ад 7 кастрычніка 2014 года) Святланы Кірсанавай, “жураўлі” паказалі, што яны крэатыўныя людзі, якія валодаюць рознабаковымі талентамі, звязаныя любоўю да прафесіі, гатовы ўдзельнічаць у вырашэнні многіх праблем нашай адукацыі”.
Ух ты! Я на канале АНТ у перадачы “Я люблю Беларусь!”. Здымкі перадачы адбыліся 1 чэрвеня, а вось у эфір яна выйшла ў Дзень настаўніка. Цікавыя здымкі, цікавая перадача. У школе, ды і ў нашай вёсцы — падзея. Усе чакаюць, калі ж мяне зноў запросяць здымацца. Мне спадабалася. Так што я не пярэчу!
Нарэшце вяртаюся ў школу і дадому надоўга (а не ўрыўкамі з перыядычнымі ад’ездамі): я мама і класны кіраўнік. Класныя мерапрыемствы разам з бацькамі, спартландыі, даследчыя работы, а яшчэ праца ў агародзе і дома, зносіны з роднымі і блізкімі. Увогуле, жыццё ляціць наперад. Кола навучальнага года круціцца…
1—3 снежня 2014 года — удзел у першым рэспубліканскім семінары настаўнікаў-метадыстаў, на адной з секцый якога я была кіраўніком і прадстаўляла свой вопыт работы па выкарыстанні сэрвісаў Web 2.0 ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.
Творчая справаздача нашай школы на ўзроўні раёна. Мы з калегамі-педагогамі дзелімся вопытам і педагагічнымі напрацоўкамі. Асаблівы акцэнт мерапрыемства — на інтэрактыўныя метады навучання. І мой майстар-клас. Гэта 17 снежня.
А 19 снежня я ўдзельнічаю ў рэспубліканскім семінары-акцыі “Настаўнік года — адукацыі Мінска” на базе сярэдняй школы № 161. Адкрыты ўрок у незнаёмым класе “Практычная работа па тэме “Апрацоўка графічнай інфармацыі” (6 клас), майстар-клас. Лагічнае завяршэнне — публікацыя распрацоўкі ўрока па гэтай тэме.
На падыходзе Новы год. Зноў я мама і класны кіраўнік без усялякіх выездаў. Падрыхтоўка да свята, рэпетыцыі і нават наш сумесны з пяцікласнікамі сцэнарый казкі. Вясёлае выступленне. Мы — артысты!
Навагодняе свята ў асяроддзі сям’і. Мы — разам. Па-сямейнаму цёпла і ўтульна. Толькі вось дачка малодшая ўся ў вучобе — рыхтуецца да абласнога этапу алімпіяды па астраноміі. Усё нешта чытае, вучыць і не бярэ пад увагу свята. Але мы яе падтрымліваем, разумеем усю важнасць моманту. Ды і я перыядычна пакідаю ў баку свята.
Вельмі хутка ІV калядны фестываль педагагічнага майстэрства, а я буду адной з вядучых майстар-класа. І фестываль удаўся на славу! 5—6 студзеня 2015 года фестываль сабраў неабыякавых, цікавых педагогаў, гатовых да педагагічных зносін. У праграме фестывалю былі майстар-класы ад настаўнікаў рэспублікі, навагодняя забаўляльна-конкурсная праграма і метадычны калейдаскоп “Роўны навучае роўнага” ад клуба “Крыштальны журавель”. Сярод членаў клуба і я.
Зноў у школе. Урокі, дзеці, працягваем праводзіць даследчую работу. У кабінеце інфарматыкі пастаянна кіпіць жыццё, збіраюцца дзеці. Хтосьці рашае задачы, хтосьці вяжа (я ў гэтым годзе вяду ўрокі абслуговай працы і факультатыўныя заняткі “Святы і традыцыі”, вучу дзяўчынак вязаць кручком, рыхтую да алімпіяды), хтосьці працуе за камп’ютарам — ідзе даследчая дзейнасць, афармляюцца старонкі даследавання. А 26—28 студзеня 2015 года я ўдзельнічаю ў рэспубліканскім семінары-акцыі “Настаўнік года — адукацыі Аршанскага раёна”. Усё як звычайна: адкрыты ўрок у незнаёмым класе, майстар-клас. І зносіны, і абмен вопытам. Цудоўны горад Орша. Прыгожы, утульны, з цікавай гісторыяй. Экскурсія. Наведванне бібліятэкі, музея Караткевіча.
Зноў школа, сям’я, мае пяцікласнікі… Я мама і жонка, а яшчэ студэнтка дыстанцыйнага курса “Актыўная ацэнка” (вучуся на гэтым курсе з кастрычніка). Цікава. Творча. Удзельнічаем у абмеркаванні, выконваем заданні, маем зносіны на платформе. Імчымся, як на крылах, да заканчэння вывучэння курса. Як узнагарода — адукацыйная паездка ў Варшаву з наведваннем школ, якія працуюць з выкарыстаннем стратэгіі актыўнай ацэнкі, на веснавых канікулах. І пра гэтую выдатную падзею ў сваім жыцці я пісала на старонках нашай газеты. А 9 красавіка актыўна ўдзельнічаю ў заключным этапе нашага дыстанцыйнага курса. “Ах, актыўная ацэнка, не чужая…” — спяваем мы. І ўпэўнены, што працаваць па-старому не зможам. Актыўная ацэнка, я не развітваюся з табой. Ты застаешся са мной, разам мы ўступім у новы навучальны год.
Паралельна з гэтым працягваем даследчую работу і абарону нашага даследавання (дыплом ІІ ступені раённага этапу конкурсу, дыплом ІІІ ступені абласнога этапу). Не дарма на працягу года мы з навучэнкай 10 класа праводзілі даследаванне. Якое? Думаю, на старонкі газеты мы прадставім некаторыя пазіцыі нашай работы, а яна зацікавіла і школьнікаў, і дарослых. Разам з тым удзельнічаю ў конкурсе “Клімат, энергія і асяроддзе жыхарства” ў рамках праекта ШПІРЭ. Выходжу ў фінал конкурсу, запрошана прадстаўляць сваю распрацоўку практычнага ўрока. 8—9 красавіка 2015 года ў рамках рэалізацыі Міжнароднага адукацыйнага праекта SPARE і сусветнай праграмы ААН “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” адбылося падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”, які праходзіў пры фінансавай падтрымцы Нарвежскага таварыства аховы прыроды і Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нарвегіі.
Да абароны дапушчана 69 работ, іх прадстаўлялі 107 удзельнікаў, якія рэалізуюць ідэі энергазберажэння на ўроках, факультатыўных, пазакласных мерапрыемствах. З іх 29 праектаў (64 удзельнікі) у намінацыях для навучэнцаў “Праекты па тэме энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і аднаўляльнай энергетыцы”, “Інфармаванне грамадства / прапаганда энергаэфектыўнасці” і 40 праектаў (43 удзельнікі) у намінацыі для педагогаў “Практычны ўрок “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў”, “Дыдактычны матэрыял “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў”.
Дыплом І ступені ў намінацыі для педагогаў “Практычны ўрок “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў” прыехаў у нашу школу. Ура! Задавальненне ад работы.
Канец красавіка — Рэспубліканскі фестываль для маладых педагогаў “Прызванне — педагог!”. Зноў я працую, даю майстар-клас. Маладыя педагогі актыўныя, цікавыя, стараемся не адставаць і адпавядаць іміджу, быць з імі на адной хвалі. Усе ў творчасці. Малайцы!
Чарговы выезд — рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Ушацкага раёна”. У складзе групы “жураўлёў” на гэтым выездзе працую і я. І зноў урок у незнаёмым класе, майстар-клас і мноства ўражанняў. І незабыўнае знаёмства з цудоўнай паэтэсай Тамарай Барадзёнак. Дзякуй вам, Тамара, за хвіліны радасці і магчымасць зносін. І гэта ўсё 4—6 мая. Наведванні музея ва Ушаччы і мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, кветкі, мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Зноў кветкі. Памятаем.
Май. Вясна. Час напружанай і плённай працы. І тут не абышлося без семінараў і канферэнцый. 21 мая ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства дзялюся вопытам работы па тэме “Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў пры арганізацыі работы па эканоміі і беражлівасці на ўроках інфарматыкі”. А 28 мая ўдзельнічаю ў рабоце рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Навукова-метадычнае суправаджэнне павышэння кваліфікацыі педагогаў: вопыт, праблемы, перспектывы” на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
І школа… школа… школа… І, канечне, урокі. Урокі і перапынкі. І мае пытанні пяцікласнікам “Як справы? Што новага?”, і іх радаснае “Вольга Анатольеўна, добры дзень! Вы сёння ў школе!”. Мой кабінет і камп’ютарны клас. І дзеці… дзеці… дзеці… Работа!
Заканчэнне навучальнага года. Гэта заўсёды крыху сумна, бо сцены школы пакідаюць дзеці, якія за 11 гадоў навучання сталі такімі блізкімі. А яшчэ мае дочкі. Выпускныя экзамены — у адной, абарона дыплома — у другой. Як імкліва ляціць час…
Вось такі ён — мой навучальны год.
І зноў лета. Лета 2015 года. У чэрвені адразу тры вялікія паездкі. 3—9 чэрвеня — удзел у рабоце міжнароднай экашколы ў Казахстане. Але пра гэта, паважаныя калегі, вы ўжо чыталі на старонках нашай газеты. У дзень прыезду, вечарам, выпускны ў маёй малодшай. Канечне, мама з татам побач. На наступны дзень пачатак работы нашага школьнага турыстычнага лагера. Мы ў паходзе, а з намі турысты-школьнікі. Цікава. Ярка. Усе задаволены. І, канечне, я еду ў Азёры. На чарговы летні рэспубліканскі семінар “жураўлёў”. Безупынная творчасць, крэатыў, зносіны. Пра гэта мы таксама пісалі на старонках газеты.
Лета праляцела як адно імгненне. Зноў першы звонкі і залівісты званок абвясціў пачатак новага навучальнага года. Мае ўжо шасцікласнікі радасна ўсміхаюцца. Новы навучальны год пачаўся.
Год з жыцця настаўніка. Гэта многа ці мала? І колькі яшчэ наперадзе цікавага, незабыўнага, творчага, радаснага! Якія планы? Працаваць і атрымліваць задавальненне, дарыць хвіліны задавальнення і радасці дзецям.
Думаю, паважаныя чытачы, вы са мной пагодзіцеся: я магу быць задаволена сабой і паважаць сябе за сваю працу, за ўсё, што я паспела зрабіць за гэты адзін з 23 ужо гадоў работы ў школе.
Успомніце вы свой навучальны год, сваю карпатлівую работу. І я ўпэўнена, нам з вамі, калегі, ёсць за што сябе паважаць. І прэстыж нашай любімай прафесіі на вышыні. Для нас. Мы шмат рабілі і робім для сваёй такой любімай настаўніцкай працы, а яшчэ паспяваем выхоўваць, паказваць прыклад і весці за сабой у неабсяжныя далі. Быць можа, не ўсе гэта бачаць і ведаюць, але ж мы з вамі проста ўпэўнены!

Вольга СЧАСНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы
Бабруйскага раёна, член клуба “Крыштальны журавель”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*